Выйшлі на волю памілаваныя палітвязні


https://youtu.be/cBZAia-QzIc
https://youtu.be/w_m7ohMj6V4
https://youtu.be/yuVERjulqIw

Гэта: Зьміцер Дрозд, Арцём Грыбкоў, Сяргей Казакевіч, Васіль Парфянкоў, Уладзімер Яроменак, Яўген Сакрэт, Віталь Мацукевіч ды Аляксандр Квяткевіч.

***
Віталя Парфянкова вызвалілі адразу з ізалятару.

“Я адразу сказаў, што перад Лукашэнкам мне няма ў чым каяцца, я рэалізоўваў сваё канстытуцыйнае права – хай ён каецца і просіць прабачэння ў беларускага народу. То бок у прашэнні віны не прызнаваў, а проста напісаў, што прашу вызваліць мяне ад пакарання”, – кажа былы палітвязень.

Віталь распавёў, што ўвесь час на асуджаных за Плошчу аказваўся ціск: “Працаўнікі КДБ патрабавалі напісаць прызнанне віны, выступіць на БТ і сказаць, што пратэсты 19 снежня былі падрыхтаваныя за грошы Захаду. Асабліва цяжкімі былі першыя дні, калі допыты цягнуліся па 6–8 гадзінаў без перапынку. Нават паесці не давалі”, – кажа ён.

***
Паводле Дзмітрыя Дразда, прыбылыя сёння ў Менск напісалі прашэнне аб памілаванні. Аднак не прызнавалі віны ва ўдзеле альбо арганізацыі масавых закалотаў: “Была абраная фармулёўка, якая падыходзіла ўсім. Некаторыя напісалі, што раскайваюцца ў тым, што асабіста здзейснілі, то бок у кожнага была даволі размытая фармулёўка прашэння”, – кажа ён.

Нягледзячы на ўзняты настрой, Дзмітрый кажа, што адчувае “свята напалову”: “Вось калі ўсе выйдуць на волю, тады будзе сапраўды свята. Да гэтага моманту я не буду пачувацца спакойна. Калі ёсць нейкія варыянты, планы – прапаноўвайце”, – сказаў ён.

***
Паводле праваабаронцы Насты Лойка, з бабруйскай калоніі у Менск прыехалі тры палітвязня. Гэта Дзмітрый Дрозд, Арцём Грыбкоў і Сяргей Казакоў. Як стала вядома, Андрэй Пратасеня не пісаў прашэнне аб памілаванні, таму ў прэзідэнцкім указе ягонае імя не ўзгадваецца. З калоніі пад Магілёвам вызвалены Яўген Сакрэт, з калоніі ў Віцебскім раёне – Уладзімір Яроменак. З калоніі пад Воршай выйшаў на волю Васіль Парфянкоў.

Імёны яшчэ двух памілаваных не вядомыя.

***
Дрозд, Казакоў, Пратасеня і Грыбкоў прыехалі цягніком Сімферопаль–Менск. Цяпер яны даюць інтэрв’ю журналістам. Разам са сваякамі іх сустракаў вызвалены раней Васіль Парфянкоў, які прыехаў з Воршы. Ён паведаміў, што яго адпусцілі адразу з ізалятару. Васіль кажа, што сапраўды пісаў прашэнне, але без прызнання сваёй віны.

“З адміністрацыі калоніі мне ніхто не тэлефанаваў, дый Дзіма сам ні разу не званіў. Я ўчора атрымала адразу чатыры лісты ад яго, два тыдні былі нейкія затрымкі, нічога не даходзіла. І два лісты прынеслі яшчэ сёння. У іх сын ячшэ нічога не піша пра вызваленне. “Мама, дашлі мне швэдар – у калоніі вельмі халадно” – вось што ён піша. А зараз, дзякуй Богу, ужо нічога і дасылаць не трэба”. – кажа маці Дзмітрыя Дразда.

Спадарыня Дрозд дадае, што разам з яе сынам вызвалілі Андрэя Пратасеню і Сяргей Казакова. “Яны ўсе сядзелі ў Бабруйскай калоніі, а зараз вось едуць Сімферопальскім цягніком. У 16 гадзінаў будуць у Менску”.

Сустракаць Дзмітрыя Дразда прыедуць усе сябры. “Мы вельмі рады, што гэты жах скончыўся, але пакуль не ўбачылі яго, не можам паверыць у сваё шчасце”, – кажа сястра палітвязня Наталля.

Дзяжурны Бабруйскай калоніі паведаміў карэспандэнту “Свабоды”, што там вызваляюць вязняў, якія ўвайшлі ў спіс памілаваных. Як распавяла радыё сястра палітвязня Яўгена Сакрэта Ірына, яе брат сёння раніцай пазваніў дамоў і паведаміў, што трапіў у лік памілаваных, ужо вызваліўся і едзе дамоў. Яўген Сакрэт адбываў пакаранне ў калоніі пад Магілёвам №15. Жонка Класкоўскага Наталля пакуль нічога ня ведае пра вызваленне – ёй у Шклоўскай калоніі увогуле не адказалі – не паднялі трубку.

Пра тое, што Аляксандр Лукашэнка памілаваў 9 фігурантаў справы 19 снежня стала вядома 11 жніўня. “Рашэнне аб памілаванні прынятае на падставе просьбаў асобаў, з улікам таго, што яны асэнсавалі супрацьпраўны характар сваіх дзеянняў, прызналі віну і шчыра пакаяліся”, – паведаміла прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Дзмітрый Дрозд быў асуджаны 5 мая судом Кастрычніцкага раёна Мінска. Ён прызнаны вінаватым на падставе часткі 2 артыкула 293 КК (удзел у масавых беспарадках) і прыгавораны да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Сяргей Казакоў быў асуджаны 12 мая судом Маскоўскага раёна Мінска на тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Арцём Грыбкоў быў асуджаны 26 мая судом Ленінскага раёна сталіцы і прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з прымусовым лячэннем ад алкагалізму.

Яўген Сакрэт быў прыгавораны 12 мая судом Маскоўскага раёна Мінска да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Уладзімір Яроменак быў асуджаны 14 мая судом Партызанскага раёна Мінска на тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Васіль Парфянкоў быў прыгавораны 17 лютага судом Фрунзенскага раёна сталіцы да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары