“Усе ляжаць, я адзін стаю, з галавы да ног у крыві…”


Пасля тэракту ў метро прайшло чатыры месяцы. Людзі дагэтуль не могуць перамагчы стрэс.

“Толькі я прыпадняўся – пляскач такі ціхі… нібыта свет перавярнуўся. Вочы заплюшчыў, расплюшчыў – гляджу: людзі ўсе ляжаць, шкла ніякага няма, я адзін стаю, увесь з галавы да ног у крыві…” – узгадвае Ігар Тумаш, які апынуўся за некалькі метраў ад месца выбуху.

11 красавіка ў выніку выбуху на станцыі метро “Кастрычніцкая” загінулі 15 чалавек, каля 200 трапілі ў шпіталі. Між тым, нягледзячы на шматлікія запэўніванні чыноўнікаў, не ўсе пацярпелыя ад тэракту атрымалі кампенсацыю. Менскі гарвыканкам адмаўляецца выплачваць грошы тым, хто ад выбуху ў метро не атрымаў сур’ёзных раненняў. Псіхалагічныя траўмы, паводле кіраўніцы камісіі выплатаў Жанны Рамановіч, у разлік не бяруцца.

Сацыёлаг прафесар Алег Манаеў кажа, што 70 % беларусаў, апытаных Інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў, не выключаюць, што тэракт можа паўтарыцца.

НІСЭПД праводзіў нацыянальнае апытанне ў траўні, літаральна праз месяц пасля тэракту. На першае пытанне: “11 красавіка 2011 г. у Менску быў здзейснены тэракт, у выніку якога 13 чалавек (на той момант) загінулі і каля 200 былі параненыя. Праз дзень пасля выбуху было абвешчана, што затрыманы галоўны падазраваны – тэрарэст-адзіночка з нездаровай псіхікай. Ці верыце вы ў тое, што гэты чалавек і здзейсніў злачынства?” – 29,1 % адказалі “так”, 54,7 % – “не”, 16 % не змаглі даць адказу.

Паводле Алега Манаева, адказы на гэтае і яшчэ тры пытанні пра тэракт дазваляюць сказаць, што шараговыя беларусы не давяраюць уладам, і вялікая іх частка мяркуе, што менавіта кіраўніцтва краіны можа мець дачыненне да выбуху.

belsat.eu
https://youtu.be/YamHxMhhv3Q
https://youtu.be/AIVnz_irk0k
https://youtu.be/1r99GPm9bgw

Глядзі таксама
Каментары