Мотальцы стварылі канкурэнцыю “Дажынкам”


13 жніўня ў Моталі – свята нацыянальнай кухні, якое прыдумалі самі жыхары.

Кулінарны фэст палескай кухні, які пачаўся чатыры гады таму на Берасцейшчыне, сёлета стаў пераможцам у намінацыі “Свята года” ў рэспубліканскім конкурсе “Пазнай Беларусь”. Ініцыятары імпрэзы – мясцовыя жыхары – змаглі данесці сваю ідэю да раённага кіраўніцтва, і цяпер гэтае свята ўжо вядомае на ўсю Беларусь.

Стравы гатуюць мотальскія гаспадыні. На кожным падворку свае адметнасці. Сёлета ўсе стравы падзялілі на мясныя, рыбныя, хлебныя і салодкія. Для дзяцей гэтым разам арганізавалі адмысловыя пляцоўкі ды конкурсы.

Штогод імпрэзу наведвае некалькі сотняў чалавек. Мотальцы прапаноўваюць начлег у сваіх хатах. Сярод гасцей – турысты з Польшчы, Украіны, Латвіі, Літвы ды Расеі. У асноўным фестываль разлічаны на вандроўнікаў.

Спачатку турысты даведваюцца пра існаванне вёскі, потым месца становіцца папулярным і яны прыязджаюць ужо не толькі на свята. “У першую чаргу, для вёскі важна зрабіць гасцей шчаслівымі, бо ў мясцовых жыхароў свой інтэрас – будзе прадавацца хлеб з мясцовай пякарні, развівацца рамесніцтва, будуць зарабляць гаспадары аграсядзібаў. Гэта спрыяе развіццю рэгіёну”, – кажа кансультант Цэнтру сельскага прадпрымальніцтва Эдуард Вайцяховіч.

На меркаванне эксперта, “Мотальскія прысмакі” вылучаюцца на фоне іншых беларускіх фестываляў. “Напрыклад, вядомыя “Дажынкі” кожны год падобныя да папярэдняга свята незалежна ад таго, у якім райцэнтры яны праходзяць. Іх мэта – падвесці вынікі ўборачнай кампаніі ды ўзнагародзіць пераможцаў. То бок “Дажынкі” – гэта такое свята для сваіх. У вясковага фестывалю ў Моталі задача іншая – прыцягнуць увагу розных людзей да таго, што адбываецца ў канкрэтнай мясцовай супольнасці ды зрабіць рэгіён вядомым”.

Арганізатары кажуць, што крызіс свята не закрануў. Фінансава дапамагаюць мясцовыя прадпрыемствы і райвыканкам. Кошты на прыгатаваныя гаспадынямі стравы – на ўзроўні фабрычных у сталічных крамах.

belsat.eu

Стужка навінаў