Ірына Халіп: Гэта не вызваленне, а прыніжэнне чалавечай годнасці


Мяркуе жонка палітзняволенага экс-кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава.

Паводле прэс-службы прэзідэнта, “рашэнне аб памілаванні прынятае на падставе просьбаў асобаў, з улікам таго, што яны асэнсавалі супрацьпраўны характар сваіх дзеянняў, прызналі віну і шчыра пакаяліся”.

Ірына Халіп ўпэўненая, што на палітвязняў аказваўся ціск і ніхто на сваё жаданне не падпісваў такога прашэння: “Гэта не вызваленне, а прыніжэнне чалавечай годнасці. Мы ўсе ведаем, што ў зоны, дзе трымалі палітвязняў, ездзілі кадэбэшнікі, ламалі іх, прэсавалі, пераконвалі напісаць прашэнне аб памілаванні”.

Ірына не ведае, ці прапаноўвалі Андрэю Саннікаву напісаць падобнае прашэнне. Да яе ж прыходзілі з такою просьбаю толькі ў першы дзень. “Я сказала, што прашэнні аб памілаванні мусяць пісаць злачынцы, а я сябе такою не лічу. На гэтым і скончылася”, – кажа спадарыня Халіп.

Прозвішчаў памілаваных у паведамленні не называлі. Паводле наяўнай інфармацыі, экс-кандыдатаў на прэзідэнта сярод іх няма, бо ні Мікола Статкевіч, ні Дзмітрый Вус, ні Андрэй Саннікаў прашэнняў аб памілаванні не падавалі.

У Міністэрстве ўнутраных справаў Беларусі агенцтву БелаПАН заявілі, што паводле стану на 18-ю гадзіну 11 жніўня ўказ да іх яшчэ не паступаў.

Нагадаем, да крымінальнай адказнасці паводле абвінавачання за арганізацыю масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 г. і ўдзел у іх прыцягнулі каля 40 чалавек.

belsat.eu

Стужка навінаў