Аналіз вады з Вялейскага вадасховішча будуць рабіць 5 дзён


Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя праводзіць аналіз пробаў вады з Вялейскага вадасховішча. Пра гэта паведаміў начальнік кіраўніцтва рэгулявання ўздзеяння на атмасфернае паветра і водныя рэсурсы Міністэрства прыроды Сяргей Заўялаў 12 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Менску.

9 жніўня “Наша Ніва” змясціла фотаздымкі ўчасткаў Вялейскага вадасховішча з мёртваю рыбаю і вадою ненатуральнага колеру. Між тым, з Вялейска-Менскай воднай сістэмы ажыццяўляецца забеспячэнне пітною вадою шэрагу раёнаў сталіцы. Інфармацыю перадрукаваў шэраг медыяў.

Заўялаў заявіў, што прадстаўнікі ведамства выязджалі на Вялейскае вадасховішча 10 жніўня, і “там няма той карціны, якая паказаная ў інтэрнэце”. З ягоных словаў, прадстаўнікі прыродаахоўных службаў выявілі “некалькі мёртвых рыбак” і паласу ў вадзе сіне-зялёнага колеру. Але менавіта на Вялейскім вадасховішчы штогод цвітуць сіне-зялёныя водарасці, заявіў прадстаўнік Міністэрства прыроды.

Паводле яго, узялі пробы вады. На тое, каб правесці два аналізы, спатрэбіцца пяць дзён. “Ён не так хутка робіцца, але я магу сказаць, што нічога страшнага там няма”, – сказаў Заўялаў, падкрэсліўшы, што сітуацыя ніяк не паўплывае на якасць вады ў Менску і на прылеглай тэрыторыі ў Літве.

belsat.eu

Стужка навінаў