У Беларусі пацяпленне клімату ідзе хутчэй, чым у свеце


https://youtu.be/ViLuKj-DiiE
Праз гэта агракліматычныя вобласці ссунуліся з поўдня на поўнач на 80–120 км.

Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Менску начальнік службы гідраметэаралагічнага маніторынгу і фондаў звестак Рэспубліканскага гідраметэаралагічнага цэнтру Віктар Мельнік.

На мяжы 1990-х гг. у Беларусі пачалі адбывацца істотныя змены клімату, растлумачыў ён. Калі раней пахаладанні кампенсаваліся адпаведнымі пацяпленнямі, дык з 1989 г. ідзе сталы працэс пацяплення клімату. Гэта адбываецца ва ўсім свеце – як у паўночным, так і ў паўднёвым паўшар’і. Але ў Беларусі працэс выяўлены больш выразна.

“Калі за апошнія дваццаць гадоў, – адзначыў Мельнік, – сярэдняя тэмпература ў паўночным паўшар’і пабольшала прыкладна на 0,8 градуса, то ў Беларусі – на 1,1 градуса. Гэта прывяло да зрушэння агракліматычных абласцей на 80–120 км з поўдня на поўнач. Як вынік, на поўдні Палесся ўтварылася новая агракліматычная вобласць”.

Сярод іншых асаблівасцяў змены клімату ў Беларусі прадстаўнік Гідраметэацэнтру назваў найбольшы рост тэмпературы ўзімку і ў першыя вясновыя месяцы, а таксама нарастанне пацяплення за апошняе дзесяцігоддзе.

Намеснік начальніка аддзелу міжнароднай супрацы Міністэрства прыроды Ірына Рудзько нагадала, што Нацыянальная праграма захадаў дзеля змякчэння наступстваў змены клімату на 2008–2012 гг. распрацаваная ў адпаведнасці з міжнароднымі патрабаваннямі ў межах Кіёцкага пратаколу і Канвенцыі ААН аб змяненні клімату. Нашая краіна выконвае ўзятыя на сябе абавязкі, адзначыла Рудзько.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары