Бяляцкаму выставілі абвінавачанне


Праваабаронцу вінавацяць паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу Беларусі (ухіленне ад выплаты сумаў падаткаў у асабліва буйным памеры). Артыкул прадугледжвае пазбаўленне волі ад 3 да 7 гадоў.

Пра гэта паведаміў праваабаронца Уладзімір Лабковіч.

Паводле яго, яшчэ не вырашанае пытанне з абмежаваннем свабоды для Алеся Бяляцкага. “Пакуль не скончыўся 10-дзённы тэрмін арышту, Бяляцкі застаецца пад вартаю. Аднак да вечару нядзелі 15 жніўня Бяляцкі можа быць вызвалены з СІЗА – напрыклад, пад падпіску аб нявыездзе”, – мяркуе Лабковіч.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі быў затрыманы 4 жніўня. У гэты ж дзень адбыліся ператрусы ў кватэры і на лецішчы праваабаронцы, а таксама ў офісе праваабарончага цэнтру “Вясна”. Алесь Бяляцкі праходзіць як падазраваны ў крымінальнай справе, распачатай за “ўхіленне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры”.

Інфармацыю пра рахункі Алеся Бяляцкага ўладам Беларусі перадало Міністэрства юстыцыі Літвы. А як стала вядома ўчора, такія звесткі перадала таксама і Генеральная пракуратура Польшчы. Кіраўніку праваабарончага цэнтру “Вясна” пагражае да 7 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці.

belsat.eu

Стужка навінаў