Бяляцкі прызвычайваeцца да турэмнага рэжыму


Жонка Алеся Бяляцкага атрымала першы ліст, дзякуючы якому стала вядома, дзе трымаюць праваабаронцу. У ім ён распавядае пра свае першыя дні за кратамі.

Бяляцкі быў затрыманы працаўнікамі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю на 3 дні як падазраваны ў справе, распачатай паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). Максімальнае пакаранне паводле гэтага артыкулу прадугледжвае пазбаўленне волі да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Урыўкі з ліста праваабаронцы:

“Жыццё працягваецца, я паступова асвойваюся і вывучаю няхітрыя навукі жыцця ў СІЗА. Падымаемся рана, а 6-й, кладземся таксама рана – а 22-й. Дзіўным чынам арганізм хутка прыстасоўваецца да забытага ўжо з часу службы ў войску распарадку. Тут усё робіцца няспешна, але вельмі дакладна і “са смакам”. Прагулка – “са смакам”, паход у лазню – “са смакам”.

…Вадзілі да доктара, зрабілі флюараграфію, адкаталі пальчыкі ўжо другі раз за гэтыя тры дні, завялі медычную картачку. Скаргаў на здароўе ў мяне няма.

…Пакуль я ўсё ўспрымаю як штосьці нерэальнае, пабачым, якія адчуванні з’явяцца пазней.

…У гэтую гарачыню было троху душнавата, але прайшоў дождж, і на выгуле паветра было свежым і чыстым. Добра, што вялікія светлыя дні, у мяне на святло заўсёды добрая рэакцыя”.

12 жніўня а 16.30 магчымае выстаўленне абвінавачання арыштаванаму старшыню праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесю Бяляцкаму. Праваабаронцы апасаюцца рэпрэсіяў пасля выдачы рахункаў польскім бокам.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары