Чыноўнікі будуць дзяжурыць па выходных


Высокія чыноўнікі дадуць справаздачы, дзе будуць знаходзіцца на выходных, а іх падначаленыя ў гэтыя дні выйдуць на дзяжурства.

Такі абавязак ускладаецца Пастановай №1057 ад 6 жніўня 2011 года, прынятай Саветам Міністраў. Дзяжурства чыноўнікаў уводзіцца ў мэтах “павышэння эфектыўнасці працы рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання” і “забеспячэння аператыўнага прыняцця кіраўнічых рашэнняў”.

Дакумент прадугледжвае, што дзяжурства будзе весціся з 9.00 да 18.00 у выходныя і святочныя дні. Пры гэтым у суботу яно будзе адбывацца на працоўным месцы, в ў нядзелю і святочныя дні – з дому. Ні службовы ўзровень дзяжурных, ні іх службовая кампетэнцыя не ўстаноўленыя.

Усе астатнія супрацоўнікі абавязаныя інфармаваць дзяжурных пра сваё месца знаходжання і тэлефон, па якім яны будуць дасяжныя ў выходныя. А кіраўніцтва міністэрстваў будзе дубляваць звесткі пра свой адпачынак яшчэ і праз электронную пошту.

Каардынатар кампаніі “Наш дом” Мікалай Петрушэнка лічыць, што рэформы, якія пачынаюцца зверху неэфектыўныя. Каб трэба даваць ініцыятыву насельніцтву, а не дадаткова кантраляваць чыноўнікаў. “Пра Міхаіла Мясніковіча заўсёды казалі – ён падніме заробак і навядзе парадак. Вось такі “парадак” ён хоча навесці і ў міністэрствах, – мяркуе ён. – Але ні да чаго добрага гэта не прывядзе. Такія захады ўлады – гэта агонія. Беларусь ужо праходзіла такое. Калі развальвалася савецкая армія, таксама даходзіла да таго, што генералы спалі на працоўных месцах. І гэта нічым не дапамагло”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары