У Менску адчыніўся новы хостэл – «Jazz in Minsk»


Ён другі па ліку на ўсю Беларусь.

Як сцвярджаюць гаспадары, ідэя хостэлаў на прасторы СНД пачала развівацца два–тры гады таму і толькі цяпер дайшла да Беларусі. «Шмат якія людзі пакуль не разумеюць, што гэта за дом такі, дзе жытло вымяраецца ложкамі, а не пакоямі. І дзе ў адным пакоі могуць жыць пяць чалавек з розных куткоў свету», – распавядае дырэктар Уладзімір Рамановіч.

Разам са сваім калегам Сяргеем Чарняком некалькі гадоў таму ён заснаваў першы ў Беларусі хостэл – у Віцебску. «Мы думалі, што праблемаў з напаўняльнасцю не будзе, бо ў горадзе праходзіць шмат фестываляў і экскурсіяў. Але пасля мы зразумелі, што людзі, якія прыязджаюць на «Славянскі базар» – гэта зусім іншы кантынгент, такія ў хостэлах не спыняюцца», – кажа Сяргей Чарняк.

Гаспадары хостэлу разлічваюць пераважна на моладзевую аўдыторыю з-за мяжы. «Беларускіх кліентаў прыцягнуць нашмат складаней. Замежныя турысты самыя знаходзяць нас па інтэрнэце. Беларусаў спрабавалі шукаць праз дзяржаўныя ўстановы, але як толькі там даведваліся, што мы – прыватная кампанія, жаданне супрацоўнічаць у іх адпадала», – кажа Уладзімір Рамановіч.

Першымі наведнікамі аказаліся турысты з Расеі, Латвіі ды Балівіі. Жытло каштуе 8,5 еўраў за дзень і 65 еўраў за месяц. Пасля 10 дзён побыту адміністрацыя прапаноўвае зніжкі. Усе разлікі праходзяць у беларускіх рублях паводле курсу Нацыянальнага банку.

Новы хостэл таксама будзе месцам сустрэчаў творчай інтэлігенцыі. Тут плануюць праводзіць імпрэзы, канцэрты і выставы.

belsat.eu

Стужка навінаў