Сваякі палітвязняў: Прышчэпкі Беларусі ўжо не дапамогуць


Маці і жонкі рэпрэсаваных беларусаў звярнуліся да міжнароднай супольнасці і расейскіх уладаў з заклікам увесці эканамічныя санкцыі.

У лісце жанчыны заклікаюць міжнародную супольнасць і расейскія ўлады супрацьстаяць, не падпарадкоўвацца цяперашняму рэжыму. А каб лягчэй было ў гэтай барацьбе – трымацца разам. Бо перад намі агульная мэта – светлая будучыня.

Поўны тэкст звароту жанчыны перадалі сайту charter97.org:

«Мы – беларускі. Нашы мужы, сыны, браты, бацькі сядзяць у турмах ці былі выкрадзеныя, ці памерлі пры падазроных абставінах. З кожным днём такіх, як мы, у Беларусі робіцца ўсё больш. Але самае страшнае тое, што робіцца больш такіх, як нашыя родныя.

Рэпрэсіі ў сённяшняй Беларусі – не асобныя ўспышкі, а эпідэмія. Турмою сканчаецца і свабодна выказанае меркаванне, і выхад на мірную дэманстрацыю, і нежаданне ўдзельнічаць у знішчэнні іншадумцаў, і нават прадпрымальніцкія ініцыятывы. Словам, турмою сканчаецца ўсё. А для некаторых – і смерцю.

Калі пачынаецца эпідэмія, прышчэпкі ўжо не дапамагаюць. Трэба супрацьяддзе. Каб у баку ад барацьбы з эпідэміяй не застаўся ніхто. Каб выпадкова заражаны не зрабіўся разносчыкам смяротнага віруса. І мы прапаноўваем усім аб’яднацца ў барацьбе з жахлівай эпідэміяй, імя якой – дыктатарскі рэжым.

Мы звяртаемся да сусветнай супольнасці з заклікам: не спакушайцеся з нагоды словаў дыктатара пра магчымае вызваленне палітвязняў. Гэтага не адбудзецца, затое пачнецца гандаль, перамовы, якія, напэўна, скончацца выплатай авансу, але ўгода так і не адбудзецца. Не верце ілжывым абяцанням і не думайце пра тое, што эканамічныя санкцыі могуць пашкодзіць беларускаму народу. Горш беларусам ужо не будзе. Ім шкодзяць не вонкавыя эканамічныя санкцыі, а ўнутраная палітыка. А сур’ёзны эканамічны ціск здольны, як у выпадку з Аляксандрам Казуліным, вызваліць нявінных людзей з турмаў. Вось толькі Аляксандр Казулін, пакуль вы спрабавалі вырашыць пытанне «палюбоўна» і таргаваліся, збіваючы кошт, паспеў страціць жонку. Яе не выкрадалі. Але яна зрабілася ахвяраю, якая застаецца на сумленні не толькі антыбеларускага рэжыму.

Мы звяртаемся да ўладаў Расеі: не падтрымлівайце гэтага ганебнага для свету рэжыму, бо такая дапамога робіць вас падобнымі да Лукашэнкі, але не дапамагае ні беларускаму, ні расейскаму народам. Грошы расейскіх падаткаплатнікаў, якія другое дзесяцігоддзе ідуць на падтрыманне непрадказальнага і звар’яцелага суседа, у любы момант здольнага схапіць вілы і пайсці патрабаваць яшчэ больш, маглі б выратаваць жыцці сотняў тысяч расейцаў, якія не выжылі проста таму, што не хапіла бюджэтных грошай на іх ратаванне. Адэкватны сусед, які ведае, што калі ўзяў пазыку, то трэба аддаць гэтую пазыку своечасова, – куды больш пажаданы. З ім можна дамовіцца. Дамаўляцца з цяперашнім рэжымам – немагчыма.

Мы звяртаемся да нашых суграмадзянаў: не гуляйце з гэтай уладай у прыдуманыя ёю гульні. Не дапамагайце ёй пратрымацца яшчэ хоць лішні дзень. Не бярыце ўдзелу ў яе праектах – ад парламенцкіх і мясцовых выбараў да шматлікіх латарэяў. Не бойцеся гаварыць, пратэставаць, не згаджацца на незаконныя або проста подлыя ўчынкі. Не думайце, што за вамі прыйдуць, – за вамі ўжо прыйшлі, проста вы гэтага яшчэ не заўважылі. І мы ўсе ў адной турме, а з вертухаямі дамовіцца немагчыма. Выхад адзін – не падпарадкоўвацца іхным правілам. Не браць іхных грошай. Не аддаваць ім сваіх. Не лічыць іх вечным злом, бо даўгалецце зла залежыць ад нас. Як казаў адзін персанаж Альбера Камю, «развітацца з жыццём не страшна, на гэта ў мяне хопіць мужнасці, калі спатрэбіцца. Але глядзець, як растае сэнс нашага жыцця, як мы губляем падставы існаваць, – невыносна. Нельга жыць, не маючы на тое падставаў».

Мы не хочам, каб да нашых родных далучаліся новыя ахвяры. Мы хочам гэтую эпідэмію спыніць. Але зрабіць гэта можна толькі ўсім разам. Мы заклікаем усіх падумаць не толькі пра сённяшні, але і пра заўтрашні дзень. Не толькі пра зняволеных, але і пра забітых. Не толькі пра нашых, але і пра вашых дзяцей. І гэта не попел Клааса грукае ў нашы сэрцы – гэта проста сумленне. Прыслухайцеся ж і да сябе».

Людміла Карпенка, удава памерлага Генадзя Карпенкі, намесніка старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ХІІІ склікання;

Таццяна Красніцкая, дачка памерлага Генадзя Карпенкі, намесніка старшыні Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь ХІІІ склікання,

Вольга Захаранка, удава зніклага палкоўніка міліцыі Юрыя Захаранкі, экс-міністра ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь,

Алена Захаранка, дачка зніклага палкоўніка міліцыі Юрыя Захаранкі, экс-міністра ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь,

Юлія Захаранка, дачка зніклага палкоўніка міліцыі Юрыя Захаранкі, экс-міністра ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь,

Святлана Завадская, удава зніклага журналіста Дзмітрыя Завадскага,

Ірына Красоўская, удава зніклага прадпрымальніка Анатоля Красоўскага,

Валерыя Красоўская, дачка зніклага прадпрымальніка Анатоля Красоўскага,

Ірына Халіп, асуджаная з адтэрмінаваннем пакарання жонка зняволенага экс-кандыдата на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Андрэя Саннікава, міжнароднага каардынатара грамадскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»,

Ірына Багданава, сястра зняволенага экс-кандыдата на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Андрэя Саннікава, міжнароднага каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»,

Вольга Бандарэнка, жонка зняволенага палітыка Дзмітрыя Бандарэнкі, каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»,

Анастасія Палажанка, умоўна асуджаная нявеста зняволенага палітыка Дзмітрыя Дашкевіча, старшыні афіцыйна зарэгістраванага ў Чэхіі грамадскага аб’яднання «Малады Фронт»,

Дар’я Корсак, жонка зняволенага журналіста Аляксандра Атрошчанкава, прэс-сакратара экс-кандыдата на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Андрэя Саннікава,

Людміла Мірзаянава, маці зняволенага студэнта эканомікі Фёдара Мірзаянава,

Ева Някляева, дачка асуджанага з адтэрмінаваннем пакарання экс-кандыдата на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Някляева, лідара грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!»,

Таццяна Севярынец, маці асуджанага да абмежавання волі палітыка Паўла Севярынца, сустаршыні арганізацыйнага камітэту стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя»,

Алена Ліхавід, маці зняволенага актывіста руху «За свабоду!» Мікіты Ліхавіда,

Святлана Вінаградава, жонка зняволенага актывіста кампаніі «Гавары праўду!» Паўла Вінаградава

Стужка навінаў