Страйкі польскіх чыгуначнікаў могуць спыніць прымежных рух у Беларусі


Польская чыгуначная кампанія, цягнікі якой забяспечваюць перавозку пасажыраў па маршруце Кузніца–Горадня–Кузніца, а таксама Берасце–Цярэспаль–Берасце, папярэдзіла пра страйк.

17 жніўня з 12:01 да 24:00, паводле заяваў польскіх прафсаюзаў, не выйдзе ў рэйс ніводзін з 2700 цягнікоў кампаніі «PKP Przewozy Regionalne». Гэта значыць, што ў гэты дзень каля 300 тыс. пасажыраў у Польшчы будуць вымушаныя абысціся без паездак чыгункаю.

Упраўленне Беларускай чыгункі пацвярджае, што злучэнне Горадні з суседняю краінаю сапраўды абслугоўвае кампанія «PKP Przewozy Regionalne», такая ж сітуацыя і з Берасцем. «Але ніякіх папярэджанняў асабіста мы не атрымлівалі, – кажа старшыня аддзелу пасажырскіх перавозак Сяргей Мацкевіч. – А таму мы пакуль паездак не адмянялі». На Гарадзенскім і Берасцейскім вакзалах гэтую інфармацыю пацвярджаюць. «Беларускія цягнікі будуць хадзіць без зменаў. Гэта значыць, што злучэнне з Варшаваю не парушыцца», – запэўніў дыспетчар Берасцейскага вакзалу.

Супрацоўнікі «PKP Przewozy Regionalne» патрабуюць павышэння заробкаў. Калі іх патрабаванні не будуць задаволеныя, яны пагражаюць абвясціць наступны страйк 24 жніўня.

Чыгуначнікі ўжо пратэставалі 5 ліпеня, але пагадненне паміж прафсаюзамі і кіраўніцтвам не было дасягнутае. Адміністрацыя кампаніі абяцае пасажырам у поўным аб’ёме кампенсаваць квіткі, набытыя на праезд 17 жніўня. На час страйку пасажырам рэкамендуюць карыстацца аўтамабільным транспартам.

belsat.eu

Стужка навінаў