Лясны пажар у Партугаліі забіў 62 чалавекі

photo

Фота: dn.pt

Большасць загінула, спрабуючы ўцячы ад агню на аўтах. Ад заўтра ў Партугаліі – трохдзённая жалоба.

У цэнтральнай Партугаліі ў акрузе Лейрыі, у цэнтральнай Партугаліі, у выніку моцнага ляснога пажару загінулі, паводле звестак AFP, 62 чалавек.

 

Большасць з іх загінулі пры спробе пакінуць раён Pedrógão Grande, у 50 км на паўднёвы ўсход ад Каімбры, у сваіх аўтамабілях.

Яшчэ каля 60 асобаў, сярод якіх шэсць пажарных, пацярпелі.

Агулам у тушэнні пажару бяруць удзел сотні пажарных, на месцы знаходзіцца 160 пажарных машынаў.

«На жаль, гэта, здаецца, самая вялікая трагедыя сярод усіх лясных пажараў, якую мы бачылі цягам апошніх гадоў», – сказаў прэм’ер-міністр Антонью Кошта.

Кіраўнік ураду заявіў, што колькасць ахвяраў можа вырасці.

Улады Партугаліі абвясцілі тры дні нацыянальнай жалобы, пачынаючы з нядзелі.

Еўрапейская камісія выказала спачуванні сем’ям загінулым і заявіла пра запуск Плану грамадзянскай абароны: самалёты з ратаўнікамі ў Партугалію ўжо адправілі Іспанія і Францыя.

Салідарнасць з Партугаліяй выказаў прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон.

У Партугаліі гэтымі днямі стаіць спёка – тэмпература паветра апошнімі днямі дасягае часам 44 °C.

У 1985 годзе ў выніку лясных пажараў у Партугаліі загінула больш за 300 чалавек.

ЮВ, ДД

Глядзі таксама
Каментары