Польшча дае тлумачэнні


На сайце польскага Міністэрства замежных справаў ужо з’явілася афіцыйная заява адносна выдачы беларускай пракуратуры інфармацыі аб рахунках Алеся Бяляцкага ды іншых беларускіх апазіцыянераў і праваабаронцаў.

У ёй Польшча нагадвае, што заўсёды падтрымлівала незалежнае грамадства ў Беларусі, ды называе выдачу інфармацыі інцыдэнтам і абяцае, што “працягвае намаганні, cкіраваныя на тое, каб не дазволіць выкарыстоўваць сістэму міждзяржаўных працэдураў, якая мае прадухіляць тэрарыстычныя і крымінальныя пагрозы… супраць дэмакратычнай апазіцыі Беларусі”.

Паводле МЗС Польшчы, гэта не польскі бок выдаў інфармацыю, а ўлады Беларусі здолелі яе атрымаць: “У сістэме міждзяржаўных працэдураў і ўмоваў адносна фінансавых аперацыяў, што маюць служыць для кантролю сучасных тэрарыстычных і крымінальных пагрозаў, улады Беларусі знайшлі магчымасць атрымаць інфармацыю, якую пазней выкарысталі дзеля рэпрэсіяў супраць уласных грамадзянаў”, – адзначана ў заяве.

МЗС нагадвае, што “першыя сігналы, якія дазволілі ЕЗ зразумець шкоднасць такіх дзеянняў, ішлі з Літвы”. Не зразумела толькі, чаму польскія ўлады не зрэагавалі адразу пасля атрымання гэтых сігналаў.

У сваю чаргу польская Генеральная пракуратура падкрэслівае, што ў беларускай заяве аб прававой дапамозе не было пазначана, што інфармацыя датычыць дзеячаў апазіцыі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары