Польшча таксама перадала звесткі пра Алеся Бяляцкага


“Пракуратура выконвала заяву аб прававой дапамозе адносна Алеся Бяляцкага, аднак з яе не вынікала, што гэта датычыць дзеяча апазіцыі або ягонай апазіцыйнай дзейнасці”, – заявіў ён.

У сваю чаргу Міхал Дворчык, чалец фонду “Свабода і дэмакратыя”, падрабязней распавёў пра акалічнасці справы: “Улады Беларусі ў межах прававой дапамогі звярнуліся да польскага боку з просьбаю даць інфармацыю на тэму фінансавых аперацыяў з банкаўскімі рахункамі асобаў, звязаных з дэмакратычнаю апазіцыяй і праваабарончымі арганізацыямі. Напрыканцы чэрвеня польскі бок перадаў інфармацыю, якая датычыла не толькі Алеся Бяляцкага, але і банкаўскіх рахункаў іншых прадстаўнікоў беларускай апазіцыі”.

Паводле ягонай інфармацыі, беларускі бок спачатку наўпрост звярнуўся да банкаў, аднак тыя не выказалі жадання перадаваць звесткі пра сваіх кліентаў. “А ў пракуратуры не было такога нежадання – і на ўзроўні дырэктара аднаго з дэпартаментаў Генеральнай пракуратуры пастанавілі перадаць гэтыя звесткі”, – дадаў ён.

Паводле спадара Дворчыка, апраўданні пракуратуры недарэчныя. „Дастаткова выкарыстаць Google, каб даведацца хто такі Алесь Бяляцкі. Праз тое, што здарылася, Польшча кампраметуе сябе перад беларускаю апазіцыяй і перад беларусамі, чарговы раз паказваючы, што мы не ёсць вартым даверу партнёрам. Цяжка назваць сапраўдныя прычыны гэтага, аднак незалежна ад таго, ці то ёсць вынікам дурасці, недахопу ведаў ці наўмыснага дзеяння, гэтая скандальная сітуацыя і асобы, што дапусцілі яе, мусяць адказаць напоўніцу”.- кажа палітык.

Старшыня руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч і Алесь Зарамбюк, рэгіянальны каардынатар арганізацыі, таксама маюць інфармацыю пра тое, што такія звесткі перадалі Менску.

“Я чуў пра гэта. Адзін з нашых сяброў (не магу назваць ягонага прозвішча) бачыў на ўласныя вочы дакумент, выдадзены польскім бокам аб банкаўскім рахунку Алеся Бяляцкага. Відавочна, не толькі Літва перадала ўладам Беларусі такую інфармацыю”, – кажа Алесь Зарамбюк.

Нагадаем, што 5 жніўня прэсавая сакратарка міністэрства юстыцыі Польшчы Яана Дэмбэк (Joanna Dębek) паведаміла Радыё Свабода, што міністэрства не атрымоўвала ад беларускага боку запытаў аб банкаўскіх рахунках беларускіх грамадзян у Польшчы.

Магчымасць выдавання інфармацыі аб рахункаў замежных грамадзянаў прадугледжвае польска-беларуская дамова аб “узаемнай дапамозе ў крымінальных справах, грамадзянскі, сямейных, рабочых ды іншых”, падпісаная ў Менску 26 кастрычніка 1994 г.
belsat.eu

Стужка навінаў