Алег Гулак: БХК не кінецца на барыкады


Міністэрства юстыцыі Беларусі пагражае Беларускаму Хельсінкскаму камітэту жорсткімі крокамі. Прадстаўнікі ведамства патрабуюць ад праваабаронцаў тлумачэнняў па факце распаўсюджвання «непраўдзівай» інфармацыі пра адвакатак Ганну Бахціну і Дар’ю Ліпкіну.

У міністэрстве нагадалі, што на сайце БХК напрыканцы ліпеня быў размешчаны тэкст звароту беларускіх праваабаронцаў да адмысловага дакладчыка ААН у пытанні незалежнасці суддзяў і адвакатаў. У звароце гаварылася пра пазбаўленне Міністэрствам юстыцыі шэрагу адвакатаў ліцэнзіі на права ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці.

На той момант абедзве адвакаткі (яны абаранялі палітвязняў Ірыну Халіп і Мікіту Ліхавіда) не прайшлі атэстацыі ў тэрытарыяльнай інстанцыі. Перад гэтым пяцёра абаронцаў палітвязняў ужо былі пазбаўленыя ліцэнзіяў. Пасля абурэнняў грамадскасці Бахціну і Ліпкіну Міністэрства юстыцыі ўсё ж такі пераатэставала, што дало магчымасць вярнуцца да публікацыі, якую змясцілі на сайце праваабаронцы.

Ведамства, адзначаецца ў паведамленні, лічыць недапушчальным, «калі рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне, што пазіцыянуе сябе як абаронца правоў чалавека ў Беларусі, распаўсюджвае неаб’ектыўную інфармацыю, якая ўводзіць у зман грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, а таксама структуры ААН».

«У выпадках далейшых парушэнняў гэтай арганізацыяй патрабаванняў заканадаўства, Міністэрства юстыцыі пакідае за сабою права на прымяненне да БХК больш жорсткіх захадаў адказнасці», – заяўляюць у Міністэрстве юстыцыі.

У паведамленні таксама гаворыцца, што Беларускі Хельсінкскі камітэт папрасіў прабачэння ў адвакатаў і чытачоў сайту, а таксама паведаміў спецдакладчыку ААН, што пераатэстацыя адбылася. Міністэрства юстыцыі гэтым не задаволілася і запатрабавала ад БХК прадставіць у трохдзённы тэрмін копію лістоў у ААН, якія аспрэчваюць дадзеную раней інфармацыю.

Сёлета Міністэрства юстыцыі вынесла Беларускаму Хельсінкскаму камітэту два папярэджанні з прычыны «парушэнняў падатковага заканадаўства, якія носяць працяглы характар». Канфлікт паміж падаткавікамі і праваабаронцамі цягнецца ўжо пяць гадоў, ён пачаўся з абвінавачванняў у нявыплаце падаткаў з гуманітарнай дапамогі ў межах праграмы ТАСІС.

«Мы вымушаныя адцягваць шмат часу і сілаў на тое, каб займацца, прабачце, вельмі дурною справаю: даводзіць, што чорнае – гэта чорнае, а белае – гэта белае», – заявіў старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэту Алег Гулак у інтэрв’ю «Белсату» 8 жніўня.

belsat.eu

Стужка навінаў