Намесніцу міністра юстыцыі Беларусі камандзіравалі ў Літву


Ала Бадак будзе знаходзіцца там да 12 жніўня.

Адпаведную пастанову Савета міністраў Беларусі 6 жніўня падпісаў кіраўнік ураду Міхаіл Мясніковіч. Яна размешчана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Міністэрства юстыцыі Літвы перадала ўладам Беларусі інфармацыю пра рахункі праваабаронцы Алеся Бяляцкага ў літоўскім банку. Грошы з іх ішлі на падтрымку рэпрэсаваных у Беларусі.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі затрыманы 4 жніўня. У гэты ж дзень адбыліся ператрусы ў кватэры і на лецішчы праваабаронцы, а таксама ў офісе праваабарончага цэнтру «Вясна». Алесь Бяляцкі праходзіць як падазраваны ў крымінальнай справе, распачатай за ўхіленне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры. Кіраўніку праваабарончага цэнтру «Вясна» пагражае да 7 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці.

Інфармацыя была перададзена ў рамках прававога супрацоўніцтва паміж дзяржавамі ў рамках пагаднення, заключанага ў 1993 г. Афіцыйная Вільня абвінаваціла беларускі рэжым у злоўжыванні звесткамі. У сувязі з гэтым Міністэрства юстыцыі Літвы спыніла прадастаўленне прававой дапамогі Беларусі да таго часу, “пакуль не будзе атрымана гарантыя, што атрыманая ў яе рамках інфармацыя не будзе выкарыстоўвацца ў палітычных мэтах”. Пра гэта заявіў віцэ-міністр юстыцыі Томас Вайткявічус.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары