Радослаў Сікорскі “злавіў на слове” Лукашэнку


https://youtu.be/3of571RSxIY
Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі павінны прайсці ў адпаведнасці з дэмакратычнымі стандартамамі. Аб гэтым міністры замежных спраў Польшчы і Нямеччыны заявілі на сумеснай прэс-канферэнцыі ў Менску.

Як паведамілі Радослаў Сікорскі і Гіда Вэстэрвэле, гэтае ім абяцаў і Аляксандр Лукашэнка.
“Мы ловім на слове прэзідэнта Беларусі, што гэтыя выбары будуць іншыя, чым папярэднія. І гэта тычыцца не толькі падліку галасоў, але і ўдзелу прадстаўнікоў дэмакратычнай апазіцыі ў выбарчых камісіях, свабоднага доступу кандыдатаў у прэзідэнты да дзяржаўных СМІ”, — падкрэсліў Радослаў Сікорскі.

Па словах дыпламатаў, калі гэтыя ўмовы будуць выкананыя, яны асабіста выступяць гарантамі збліжэння Беларусі з Еўропай, а краіна зможа атрымаць ад Еўразвязу 3 млрд еўра на рэалізацыю праектаў па праграмам Суседства.
“Але добрая ўмова прыхода інвестыцый у краіну, — гэта выкананне правоў чалавека”, —падкрэсліў Гіда Вэстэрвэле.

Сікорскі і Вэстэрвэле таксама паведамілі, што будуць звяртацца да сваіх еўрапейскіх калегаў, каб у Беларусь прыехалі як мага больш міжнародных назіральнікаў за выбарамі.
Міністры замежных спраў Польшчы і Нямеччыны прыбылі ў Менск з афіцыйным візітам 2 лістапада. Радослаў Сікорскі і Гіда Вэстэрвэле сустрэліся з прэзідэнтам Лукашэнка, беларускім калегай Сяргеем Мартынавым, а таксама правялі супольную сустрэчу з дэмакратычнымі кандыдатамі на прэзідэнцтва.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары