Тых, хто збіў Някляева, шукаць не будуць


Менская пракуратура адмовіла экс-кандыдату на прэзідэнта Уладзіміру Някляеву ў распачынанні крымінальнай справы па факце замаху на ягонае жыццё 19 снежня 2010 года.

Прыкладна а 19:00 19 снежня на калону прыхільнікаў Уладзіміра Някляева напалі невядомыя ў масках. Супраць актывістаў “Гавары праўду” выкарысталі шумавыя гранаты, людзей кінулі тварамі ў снег, а экс-кандыдата жорстка збілі

Як паведамляе Някляеў, пракуратура абгрунтоўвае сваё рашэнне артыкулам 29 крымінальна-працэсуальнага кодэксу: “Крымінальная справа не можа быць узбуджаная за адсутнасцю ў дзеянні складу злачынства”.

Праверка цягнулася больш за паўгода. Медычную экспертызу правялі праз 7 месяцаў пасля нападу.

Някляеў не пагаджаецца з рашэннем і збіраецца надалей патрабаваць распачынання крымінальнай справы: “Бо гэта датычыць не толькі мяне, а ўсіх удзельнікаў падзеяў 19 снежня”, – кажа палітык.

На прэс-канферэнцыі 26 снежня міністр унутраных справаў Анатоль Куляшоў не змог адказаць на пытанне, хто напаў на калону прыхільнікаў Уладзіміра Някляева і журналістаў, што яе суправаджалі, аднак упэўнена заявіў, што гэта былі не працаўнікі міліцыі. На дружны смех журналістаў Куляшоў запытаў: “А ці магла міліцыя кандыдату на прэзідэнта, які знаходзіўся ў цэнтры падзеяў, нанесці ўдар, і каб журналісты гэтага не зафіксавалі? У такім выпадку ўжо па ўсім сусветным СМІ гэтая карцінка была б разасланая. Але такога няма. Тады пытанне: хто яго ўдарыў? Адказ: не працаўнікі міліцыі”, – расставіў кропкі над “і” міністр.

Тое, што ўсіх сведак інцыдэнту, у тым ліку і фота-відэааператараў людзі ў чорным паклалі тварам у снег, Куляшоў да ўвагі не ўзяў.

Аднак, паводле першапачатковай версіі МУС, няўзброеныя міліцыянты сустрэлі калону агрэсіўна настроеных людзей, якія ішлі побач з двума аўтобусамі. Службовы досвед падказаў праваахоўнікам, што ў аўтобусах знаходзяцца выбуховая прылады альбо як мінімум жалезныя штыры. Аднак спраўдзіць гэтага не атрымалася, бо ўзброеныя вудамі, камянямі і палкамі пратэстоўцы збілі міліцыянтаў.

Праз некалькі дзён МУС удакладніла сваю версію падзеяў: аўтобус быў адзін, а Някляеў і ягоныя людзі былі збітыя зайздроснымі прыхільнікамі іншых кандыдатаў на прэзідэнта.

belsat.eu

Стужка навінаў