Індыя гатовая набыць акцыі "Беларуськалію"


I чакае толькі на адказ беларускага боку.

Пра гэта заявіў 10 жніўня амбасадар Індыі ў Беларусі Манодж Бхарці на прэс-канферэнцыі, прымеркаванай да Дня незалежнасці сваёй краіны.

“Зараз ужо прапанова мусіць быць зробленая ўрадам Беларусі”, – сказаў дыпламат, адказваючы на пытанне аб долі акцыяў, якую гатовая набыць Індыя, і кошце пакету.

Бхарці таксама нагадаў пра дзевяцімесячны кантракт на куплю 1,2 млн т калію індыйскімі кампаніямі ў беларускага калійнага прадпрыемства па 490 долараў за тону, які падпісалі на мінулым тыдні.

Сёння індыйская газета “Mint” са спасылкаю на двух высокапастаўленых індыйскіх чыноўнікаў апублікавала інфармацыю пра тое, што Індыя хоча набыць 20–25% акцыяў “Беларуськалію” і гатовая заплаціць за іх 6–7 млрд долараў.

У чэрвені Аляксандр Лукашэнка ацэньваў прадпрыемства ў 30 млрд долараў і не выключаў, што з 1 ліпеня гэтая сума будзе індэксавацца з улікам інфляцыі долара. Як заявіў Лукашэнка, “пару пакупнікоў” ужо заявілі аб сваёй гатоўнасці заплаціць такую суму.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Беларусь абмяркоўвае пытанне продажу прамысловава гіганта з інвестарамі з Кітаю і Расеі, у тым ліку з мільярдэрам, уладальнікам кампаніі “Уралкалій” Сулейманам Керымавым. Аднак пазіцыі бакоў наконт цаны пакуль далёкія.

Дыпламат не пракаментаваў распаўсюджанай праз інтэрнэт інфармацыю аб тым, што Беларусь пастаўляе зброю тэрарыстычным групоўкам.

“Усе краіны ў свеце, улучаючы Беларусь, застаюцца пад пагрозаю тэрарыстычных нападаў, і калі трэба будзе рабіць нейкія захады для таго, каб спыніць тэрарызм, я ўпэўнены, Беларусь зробіць свой унёсак”, – сказаў Бхарці.

Амбасадар заявіў, што хоча пазнаёміць сваіх суайчыннікаў з Беларуссю. Ён спадзяецца зрабіць гэта з дапамогай індыйскіх фільмаў, знятых у Беларусі:”Я хачу праінфармаваць індыйцаў пра Беларусь, здымаючы фільмы на яе тэрыторыі. У Беларусі прыродныя пейзажы, пра якія індыйцы нават не маюць уяўлення”, – адзначыў дыпламат.

На ягонае меркаванне, “трэба прыкласці пэўныя намаганні для развіцця турызму пры дапамозе індыйскіх фільмаў”. “Гэта дапаможа запоўніць прагал у ведах індыйцаў пра Беларусь і будзе спрыяць развіццю міжасабовых кантактаў і турызму”, – удакладніў Манодж Бхарці.

belsat.eu

Стужка навінаў