БХД рыхтуе праваабарончыя форумы


Паведамляюць лідары аргкамітэту Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

“У гэтых форумаў дзве асноўныя мэты, – удакладніў сустаршыня аргкамітэту БХД, былы кандыдат на прэзідэнта краіны Віталь Рымашэўскі. – Першая – давесці да тых людзей, хто сёння непасрэдна адказвае за рэпрэсіі, за ўціск на беларускіх палітвязняў, што яны будуць несці персанальную адказнасць і не здолеюць прыкрыцца вышэйшым кіраўніцтвам і заканадаўствам, якое яны трактуюць па-свойму. Кіраўнікі калоніяў, адказныя за гвалт, за здзекі над зняволенымі, мусяць ведаць, што панясуць пакаранне і што беларуская грамадскасць за гэтым сочыць. Будуць пададзеныя заявы ў мясцовыя наглядныя органы ды звароты да кіраўнікоў тых установаў, дзе сёння адбываюць пакаранне нашыя палітзняволеныя. Другая мэта – актывізаваць рэгіянальныя арганізацыі, дэмакратычную супольнасць на абарону, на салідарнасць з палітзняволенымі”.

Паводле Рымашэўскага, апазіцыйныя палітычныя сілы рыхтуюць Марш пратэсту, удзельнічаюць у сацыяльных пратэставых акцыях. “Але мы не будзем мець поўнага маральнага права праводзіць гэтыя акцыі, – адзначыў ён, – калі будзем забывацца пра галоўную маральную праблему, якая ёсць сёння ў беларускім грамадстве – наяўнасць палітвязняў і неабходнасць іх бараніць. І таму адна з мэтаў гэтых праваабарончых канферэнцыяў – прыдаць новы імпульс мясцовай салідарнасці”.

Першая праваабарончая рэгіянальная канферэнцыя, паведаміў адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі, пройдзе 17 жніўня ў Магілёве. Потым гэткія форумы пройдуць у Віцебску і Горадні – у гэтых рэгіёнах адбывае пакаранні найбольшая колькасць палітвязняў.

На канферэнцыі запрашаюцца палітыкі, праваабаронцы, адвакаты, сваякі палітвязняў, дыпламаты і журналісты. На магілёўскім форуме, у прыватнасці, закрануць юрыдычны і міжнародны аспекты (выпрацоўванне агульнага паслання еўрапейскай супольнасці), а таксама праваабарончы аспект (пытанні дапамогі сем’ям зняволеных, людзям, якія найбольш цярпяць). Трэба скаардынаваць гэтыя агульныя высілкі, падкрэсліў Садоўскі.

belsat.eu

Стужка навінаў