Юрый Чавусаў: апазіцыйныя кандыдаты расцягваюць пратэставы электарат у розныя бакі


Паводле палітолага, яны спрабуюць па-рознаму прывабіць аднаго і таго ж выбарніка “антылукашэнкаўскага” тыпу.

“Яны крыху хітруюць і заяўляюць, што гуляюць на полі Лукашэнкі, але рэальна ў чатыры бакі расцягваюць адзін і той жа пратэставы апазіцыйны электарат, які падпісваўся за ўсіх чатырох кандыдатаў паводле прынцыпу “хто хочаце, толькі не Лукашэнка”, – лічыць спадар Чавусаў.

Пра гэта ён распавёў пасля круглага стала з удзелам кіраўнікоў перадвыбарчых штабоў прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта Беларусі.

Як патлумачыў дырэктар даследаванняў Ліберальнага клубу і мадэратар дыскусіі Яўген Прэйгерман, круглы стол праводзіўся дзеля высвятлення, як кандыдаты выкарыстоўваюць эканамічныя і геапалітычныя змяненні, каб “данесці свае пасланні электарату, чыноўнікам і калегам дэмакратычнага лагеру”.

Па выніках спадар Прэйгерман зрабіў выснову, што пасланні ёсць, але не ўсе яны сфармуляваныя дакладна, з мэтай адрознівацца ад іншых кандыдатаў. Ён лічыць, што найлепш у гэтым сэнсе спрацавала каманда Яраслава Раманчука.

Кіраўнік ягонага штабу Леў Марголін адзначыў, што ім важна “дагрукацца не толькі да 25% людзей, якія традыцыйна гатовыя галасаваць за дэмакратычнага кандыдата, але і да тых 40%, якіх называюць “балотам”.

А вось штаб Алеся Міхалевіча спрабуе прыцягваць выбарнікаў, якія з тых ці іншых прычынаў адмаўляюцца падтрымліваць апазіцыю, але схільныя абраць іншага кандыдата ў супрацьвагу Лукашэнку. Дзеля гэтага, распавёў кіраўнік штабу Юрый Меляшкевіч, каманда любым чынам падкрэслівала неканфліктнасць свайго кандыдата.

belsat.eu

Стужка навінаў