Бяляцкі мог застацца за мяжою, літоўцы яго папярэдзілі


Калі звесткі пра рахунак трапілі ў рукі афіцыйнага Менску, кіраўнік “Вясны” яшчэ быў у Літве. «Спадар Бяляцкі сам прыняў рашэнне вярнуцца ў Беларусь», – зазначыў Юсцінас Каросас, намеснік старшыні Камітэту дзяржаўных справаў Літвы.

Літва паведаміла Алесю Бяляцкаму, што звесткі наконт ягонага рахунку перададзеныя афіцыйнаму Менску. Пра гэта «Белсату» распавёў Юсцінас Каросас: «Я чуў, як ён сказаў, што ён – грамадзянін Беларусі і ягонае месца там. Што ён лічыць сябе патрыётам Беларусі. Аднак гэта ніяк не змяняе справы і не здымае адказнасці з нашых установаў, якія забыліся пра палітычны кантэкст, які, на жаль, цяпер існуе ў адносінах да нашых суседзяў».

Намеснік старшыні Камітэту дзяржаўных справаў папрасіў прабачэння ў беларускай апазіцыі за тое, што адбылося. «Спадзяюся, дэмакратычныя сілы Беларусі будуць лічыць Літву сябрам», – сказаў ён.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі быў затрыманы 4 жніўня. У гэты ж дзень адбыліся ператрусы ў кватэры і на лецішчы праваабаронцы, а таксама ў офісе праваабарончага цэнтру «Вясна». Алесь Бяляцкі праходзіць як падазраваны ў крымінальнай справе, распачатай за ўхіленне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры. Кіраўніку праваабарончага цэнтру «Вясна» пагражае да 7 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці.

Інфармацыю пра рахункі Алеся Бяляцкага ўладам Беларусі перадало Міністэрства юстыцыі Літвы. Пра гэта першым паведаміў праваабаронца Валянцін Стэфановіч на прэсавай канферэнцыі ў Вільні.

Паводле яго, напрыканцы чэрвеня падаткавая інспекцыя паказала Бяляцкаму акт праверкі са звесткамі пра сродкі, якія паступілі ад замежных арганізацыяў на ягоны рахунак у літоўскім банку «DnB Nord». Падаткавікі палічылі гэтыя сродкі ўтоеным прыбыткам. Насамрэч грошы выкарыстоўваліся на дапамогу пацярпелым ад палітычных рэпрэсіяў у Беларусі – аплату штрафаў, утрымання пад вартаю і адвакатаў.

«Мы не лічым, што парушылі заканадаўства, – заявіў Стэфановіч. – Гэтыя сродкі збіраліся не ў якасці прыбытку». Ён падкрэсліў, што беларускія праваабаронцы за гады сваёй дзейнасці дапамаглі тысячам грамадзянаў, чые правы былі парушаныя.

belsat.eu

Стужка навінаў