Электронныя праязныя маюць з'явіцца ў Менску ў наступным годзе


Пакуль жа Менсктранс хоча ў пяць разоў павялічыць штрафы для “зайцоў”.

Штраф складае 7 тыс. руб. Чыноўнікі лічаць, што за безбілетны праезд трэба плаціць як мінімум адну базавую велічыню – 35 тыс. руб.

Сённяшняя сума штрафу ў пяць разоў меншая за самы танны праязны на месяц. У “Менсктрансе” лічаць, што такі малы памер штрафу ўплывае на колькасць “зайцоў” у грамадскім транспарце.

Старшыня аддзелу цэнаў і тарыфаў “Менсктрансу” Алена Раманава адзначае: “Чатыры гады таму штраф складаў 0,5 базавай велічыні. Пасля парламент перагледзеў Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях, і яго зменшылі да 0,2 базавай велічыні. І што мы атрымалі ў выніку? У чатыры разы павялічылася колькасць безбілетнікаў толькі ў сталіцы. Гэта 158 тыс. чалавек, якія не заплацілі за нашыя паслугі”.

Тым часам менчукі арганізавалі перадаванне квіткоў з рук у рукі. Першыя такія акцыі праходзілі, калі адмянілі ільготы студэнтам, пенсіянерам ды іншым катэгорыям насельніцтва. З падаражаннем аплаты на праезд ідэя вярнулася ў народ. “Пра гэта мы ведаем, – кажуць менскія кантралёры. – Але нічога не можам зрабіць”.

Улады спадзяюцца, што сітуацыя зменіцца з увядзеннем адзінага электроннага білета. Намеснік старшыні Менгарвыканкаму Аляксандр Барысенка тлумачыць: “Тарыфікавацца такі білет будзе ў залежнасці ад працягласці, часу і колькасці паездак. Для запуску новай сістэмы наземны грамадскі транспарт абсталююць дадатковымі прыладамі для счытвання звестак з праязных. Запусцім мы яе ў наступным годзе”.

Дарэчы, паводле падлікаў транспартнікаў, рэальны кошт праезду складае 3 тыс. руб. Сёння беларускія пасажыры аплачваюць толькі 30 % ад гэтай сумы, астатняе кампенсуе дзяржава.

belsat.eu

Стужка навінаў