Медыкаў звадзілі на экскурсію ў СІЗА


Прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя Беларусі, галоўныя дактары сталічных клінік і іхныя намеснікі наведалі 9 жніўня следчы ізалятар № 1 МУС на вул. Валадарскага ў Менску.

Гэтым візітам у СІЗА Генеральная пракуратура працягнула распачатую ў 2010 г. антыкарупцыйную прафілактычную кампанію сярод чыноўнікаў. Раней тут пабывалі прадстаўнікі міністэрстваў прамысловасці, падаткаў і збораў, сельскай гаспадаркі ды харчавання, архітэктуры і будаўніцтва.

Наведнікі, якіх суправаджалі прадстаўнікі Генеральнай пракуратуры і адміністрацыі ізалятару, агледзелі памяшканні ізалятару, камеры, дзе трымаюць падследных, у тым ліку жанчын і непаўналетніх. Пабывалі ў “міні-калоніі” – атрадзе з 70 асуджаных, якія займаюцца ў СІЗА гаспадарчымі працамі ды адбываюць тут пакаранне. Магчымасцю паназіраць зверху праз краты за шпацырам зняволеных ва ўнутраным двары СІЗА ніхто з медыкаў не скарыстаўся. Вельмі неахвотна яны зазіралі ды заходзілі ў адчыненыя з нагоды экскурсіі камеры.

Затым, выслухаўшы паведамленне пра сітуацыю з карупцыяй у краіне і ў сістэме аховы здароўя ў прыватнасці, медыкі змаглі задаць пытанні. Нечакана, у тым ліку для прадстаўнікоў Генеральнай пракуратуры, ніхто не спытаўся пра медычнае забеспячэнне спецкантынгенту. Затое наведнікі пацікавіліся, ці былі ўцёкі з ізалятару і якая сітуацыя з карупцыяй у сістэме Міністэрства адукацыі.

Начальнік аддзелу Генпракуратуры ў справе нагляду за выкананнем заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю Ігар Грэйба прапанаваў медыкам “падзяліцца ўражаннямі пра ўбачанае з калегамі, данесці інфармацыю, арыентаваць сваіх працаўнікоў на тое, што ад пакарання не ўхілішся”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары