Звесткі пра рахункі выдаваліся праз суд?


Для раскрыцця інфармацыі аб рахунках беларускіх праваабаронцаў Міністэрства юстыцыі Літвы прыцягвала суд, пішуць літоўскія медыі.

У прыватнасці, партал Delfi паведамляе, што ўвесну Міністэрства юстыцыі атрымала запыт ад уладаў Беларусі наконт праваабаронцаў Алеся Бяляцкага і Валянціна Стэфановіча і звярнулася ў банкі, дзе яны мелі асабістыя рахункі. Банк “SEB” атрымаў запыт на Стэфановіча, банк “DnB Nord” – на Бяляцкага.

“DnB Nord” падаў звесткі адразу, а “SEB” не спяшаўся выконваць просьбу і пацікавіўся ў міністэрства, на якой прававой падставе банк мусіць гэта рабіць”, – паведамляе Delfi. Банк дачакаўся ад суддзі 2-га віленскага акруговага суда Юраце Гайдзіце-Лаўрыновіч распараджэння даць інфармацыю, і гэтага банку падалося дастатковым, каб выканаць просьбу Міністэрства юстыцыі.

Delfi паведамляе, што “канчатковае рашэнне выслаць усе звесткі Менску прыняла і падпісала дырэктар Дэпартаменту міжнароднага права Міністэрства юстыцыі Аўшра Бярнаціене”.

Абодва банкі каментаваць гэтыя звесткі адмаўляюцца.

Цяпер у Сейме Літвы праходзіць пазачарговае паседжанне Камітэту міжнародных дачыненняў. Парламентарыі абмяркоўваюць скандал з перадаваннем уладам Беларусі інфармацыі пра банкаўскія рахункі прадстаўнікоў беларускай апазіцыі, якая паслужыла падставаю для арышту Алеся Бяляцкага.

belsat.eu

Стужка навінаў