Сяргей Чалы: Імавернасць другой хвалі крызісу вялікая


Фінансавы аналітык Сяргей Чалы ацэньвае магчымыя наступствы другой хвалі фінансавага крызісу для Беларусі, а таксама цяперашні стан і перспектывы сусветных валютаў – долара ЗША, еўра, кітайскага юаня.

Цяперашнія падзенні каціровак акцыяў на сусветных біржах Сяргей Чалы называе другою хваляю фінансавага крызісу, што распачаўся ў 2007 г., ды параўноўвае сітуацыю з Вялікаю дэпрэсіяй 1930-х гг. “Можа быць паўтарэнне таго, што было ў часы Вялікай дэпрэсіі, калі са дна крызісу 1933 г. да 1936 г. працавалі магутныя механізмы дзяржаўнага падтрымання эканомікі. І недзе ў 1936 г. вырашылі, што хопіць, бо ёсць небяспека раскручвання інфляцыі, росту доўгу і дэфіцыту бюджэту, ды зарана скарацілі гэтыя механізмы. Гэта прывяло да другаснай дэпрэсіі, – апавядае Сяргей Чалы. – Цяпер сітуацыя нават горшая, чым у 1936 г., бо асаблівых вынікаў ва ўсім свеце гэтыя механізмы бюджэтнага стымулявання не прынеслі”.

Што да Беларусі – другая хваля крызісу, на думку эксперта, моцна сітуацыі не пагоршыць, прынамсі, найбліжэйшым часам. “Гэты крызіс адаб’ецца на каціроўках аблігацыяў суверэнных даўгоў краінаў кшталту нашай. Праўдападобна, што адбудзецца наступнае падзенне кошту нашых даўгоў, але тут сітуацыя – двухбакованебяспечная. З аднаго боку, нам ужо ўсё роўна – тыя кошты, за якія прадаюцца нашыя даўгі, азначаюць даходнасць больш за 10 %, і ў такіх умовах змяшчаць аблігацыі не мае сэнсу – вельмі дорага. Наступны рост асаблівай ролі для нас ужо не згуляе, бо рынак у нас ужо фактычна зачынены”, – падкрэсліў Сяргей Чалы. З іншага боку, паводле эксперта, Беларусь магла б скарыстацца момантам і выкупіць свае даўгавыя абавязкі менавіта цяпер.

Калі ж фінансавы крызіс перарасце ў эканамічны спад, то вынікі могуць быць дастаткова сур’ёзныя для Беларусі, мяркуе эксперт. “Мы цяпер робім усё, каб перайсці на мадэль экспартна-арыентаванага росту. Падзенне вонкавага попыту можа моцна ўдарыць па нашай эканоміцы”, – дадаў Сяргей Чалы.

Сяргей Чалы ўпэўнены, што блізкім часам пазіцыі долара як сусветнай валюты застануцца непарушныя. “Канечне, рана ці позна іншая валюта прыйдзе на замену. Але гэты працэс будзе настолькі паступовы і незаўважны, што пойдзе некалькі дзесяцігоддзяў на гэта, – гаворыць Сяргей Чалы. – Долар застанецца як валюта цалкам рэспектабельны – гаварыць пра тое, што будзе нейкі крах ці абвал, не выпадае. Больш за тое, сітуацыя цяпер такая, што не відаць нічога, што магло б прыйсці долару на змену”.

На думку эксперта, кітайскі юань не зможа замяніць долар у якасці рэзервовай валюты. “Ніхто не будзе захоўваць сваіх актываў у валюце, кошт якой можа ўсталёўвацца адвольна ўрадам гэтай краіны, – падкрэсліў эксперт. – У еўразоне сітуацыя яшчэ цяжэйшая за стан у ЗША, і цяпер фактычна стаіць пытанне жыццяздольнасці праекту еўра. Праект Еўразвязу і праект адзінай валюты добра працаваў у час эканамічнага росту, аднак аказаўся нежыццяздольны ў час эканамічнага спаду”, – падкрэсліў Сяргей Чалы.

belsat.eu

Стужка навінаў