Сейм Літвы абмяркуе скандал з банкаўскімі рахункамі


Сённяшняе пазачарговае паседжанне Камітэту міжнародных дачыненняў літоўскага Сейму будзе прысвечанае сітуацыі з выдаваннем уладам Беларусі інфармацыі пра банкаўскія рахункі прадстаўнікоў беларускай апазіцыі.

“Мы мусім абавязкова высветліць, хто зрабіў такую ганьбу Літве і перадаў рэжыму ў Беларусі інфармацыю пра дэмакратаў гэтай краіны”, – заявіў напярэдадні паседжання старшыня міжнароднага камітэту Эмануэліс Зінгерыс.

4 жніўня ў Менску працаўнікамі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржкантролю быў затрыманы віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага ўладамі Беларусі праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі. Ён падазраецца ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры. Праваабаронцу пагражае пазбаўленне волі на 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Бяляцкага трымаюць у СІЗА № 1 МУС па вул. Валадарскага.

5 жніўня стала вядома, што Міністэрства юстыцыі Літвы ў межах дзейнай з Беларуссю дамовы перадало ў Менск звесткі аб рахунках 400 беларускіх грамадзянаў, у тым ліку Алеся Бяляцкага, што і стала нагодаю для ягонага арышту. “Мы не лічым, што парушылі заканадаўства, – заявіў на прэс-канферэнцыі ў Вільні калега Бяляцкага Валянцін Стэфановіч. – Гэтыя сродкі збіраліся не ў якасці даходу”. За гады сваёй дзейнасці беларускія праваабаронцы падтрымалі тысячы грамадзянаў, чые правы былі парушаныя, дадаў Стэфановіч.

Прадстаўнікі літоўскай інтэлігенцыі запатрабавалі ад прэзідэнта Далі Грыбаўскайце тлумачэнняў з нагоды арышту беларускага праваабаронцы.

“Беларускі рэжым, абапіраючыся на звесткі Літвы, якія яна дала, распачаў рэпрэсіі супраць сваіх грамадзянаў. Вядома, што і раней Беларусь запытвала такую інфармацыю, але службовыя асобы Літвы яе не давалі. Таму мы заклікаем растлумачыць грамадзянам Літвы, чаму змянілася пазіцыя нашых уладаў”, – гаворыцца ў адкрытым лісце на імя Грыбаўскайце.

Прэзідэнт Літвы 8 жніўня назвала тое, што адбылося, “сумным адзінкавым інцыдэнтам” і заявіла, што “адказныя за даванне Беларусі інфармацыі службовыя асобы Міністэрства юстыцыі не могуць застацца беспакаранымі”.

belsat.eu

Стужка навінаў