Іосіф Сярэдзіч: Больш няма сілаў судзіцца


“Гэтыя суды, зборы выцягнулі, як кажуць, апошнія вантробы. Трэба проста працаваць, рыхтаваць наступныя нумары, газета павінна быць цікаваю, папулярнаю ды выконваць сваю першасную місію”, – заявіў галоўны рэдактар газеты “Народная Воля”, каментуючы рашэнне Найвышэйшага гаспадарчага суда аштрафаваць выданне.

Рашэнне прынятае паводле адміністратыўнай справы, якую распачало ГУУС Менгарвыканкаму з ініцыятывы Міністэрства інфармацыі. Частка 3 арт. 22.9 Кодэксу аб адміністратыўных парушэннях (парушэнне сродкам масавай інфармацыі заканадаўства аб друку ды іншых СМІ паўторна цягам аднаго года пасля вынясення пісьмовага папярэджання) прадугледжвае пакаранне штрафам ад 100 да 500 базавых велічыняў.

Цягам года “Народная Воля” атрымала два папярэджанні, адно з якіх датычыцца фармальнасцяў – паводле Міністэрства інфармацыі, у газеце былі няправільна пазначаныя выходныя звесткі. Выданню нават пагражала закрыццё, аднак Міністэрства інфармацыі вырашыла адклікаць адпаведны пазоў і пакараць рэдакцыю фінансава. Сума штрафу складае 14 млн руб.

“Я лічу, што няма сэнсу абскарджваць, бо вынік будзе той жа самы”, – падкрэсліў Іосіф Сярэдзіч. Ён упэўнены, што газету пераследуюць за прынцыповую пазіцыю ды з палітычных матываў.

belsat.eu

Стужка навінаў