«Рэвалюцыянеры» вернуцца з вакацыяў 14 верасня


У гэты дзень масавыя акцыі пратэсту маюць адбыцца па ўсёй краіне. Пачатак – звыкла а 19:00, а вось пра месцы збору пратэстоўцаў будзе абвешчана пазней.

Палітолаг Аляксандр Класкоўскі зазначае, што прагназаваць, наколькі паспяховаю будзе першая восеньская акцыя, пакуль рана. Рэпрэсіі ўладаў супраць удзельнікаў «маўклівай рэвалюцыі» зрабілі сваю справу, да таго ж ціск на актывістаў нават з выхадам на вакацыі не зменшыўся – іх працягваюць выклікаць на размовы, ціснуць і шантажаваць, зазначае палітолаг.

На масавасць акцыі паўплывае і тое, ці саспеюць да восеньскіх пратэстаў іншыя сацыяльныя групы, бо ад «прасунутай IT-шнай моладзі» цяжка чакаць сапраўды маштабнай «яўкі», указвае Аляксандр Класкоўскі. «Так што шмат чаго будзе залежыць ад таго, як будзе развівацца сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў краіне», – падсумоўвае палітолаг.

На думку Класкоўскага, тое, што «рэвалюцыянеры» на апошні летні месяц узялі тайм-аўт, было правільным рашэннем. Гэта добры шанец прадумаць тое, што недадумалі, выпрацаваць стратэгію і перспектыву развіцця праекту. «Урэшце дэклараванае стварэнне рады, у якую ўвайшлі палітыкі ды эксперты. Восеньская акцыя і пакажа, які крэатыў і арганізатарскія здольнасці гэтая рада мае», – гаворыць Аляксандр Класкоўскі.

Арганізатары «сеткавай рэвалюцыі» сярод іншага заклікаюць пратэстоўцаў узяць актыўны ўдзел і ў Народным сходзе, які арганізоўвае апазіцыя і які мае адбыцца 8 кастрычніка. На ім, як паведамляюць адміністратары на старонцы «ВКонтакте», «будзе зацверджаны далейшы кірунак дзейнасці «Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі» – як народ вырашыць, так і будзе».

belsat.eu

Стужка навінаў