Грыбаўскайце: Працаўнікоў Міністэрства юстыцыі трэба пакараць


Працаўнікоў літоўскага Міністэрства юстыцыі, адказных за перадачу Беларусі звестак пра стан банкаўскага рахунку праваабаронцы Алеся Бяляцкага, належыць пакараць. Пра гэта 8 жніўня заявіла прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце, паведамляе інфармацыйны партал «Delfi».

Тое, што адбылося, Грыбаўскайце называла «сумным адзінкавым інцыдэнтам». Яна таксама адзначыла, што «адказныя за падаванне Беларусі інфармацыі службовыя асобы Міністэрства юстыцыі не могуць застацца беспакаранымі». У той жа час кіраўніца Літоўскай Рэспублікі не ўхваліла ідэю апазіцыі ў Сейме, якая прапаноўвала міністру юстыцыі Рэмігіюсу Шымашусу пайсці ў адстаўку. «У пытанні адказнасці сваіх працаўнікоў рашэнне мае прыняць міністр юстыцыі», – заявіла яна.

Такія інцыдэнты, заявіла Даля Грыбаўскайце, не мусяць паўтарыцца ў будучыні. «Урад даручыў міністэрствам юстыцыі ды замежных справаў падаць звесткі, што датычыць перадачы Беларусі інфармацыі пра банкаўскія рахункі кіраўніка няўрадавай арганізацыі «Вясна». Гэтыя ведамствы павінны высветліць, чаму гэта адбылося, і не дапусціць такіх сітуацыяў у будучыні», – цытуе прэзідэнта інфармацыйны партал.

Міністэрства юстыцыі Літвы таксама заявіла, што ўнутранае расследаванне ў звязку з пададзенай службам Беларусі інфармацыяй пра банкаўскія рахункі праваабаронцы Алеся Бяляцкага і цэнтру «Вясна» распачынаць не будуць.

Віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўніка закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага супрацоўнікі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржкантролю затрымалі вечарам 4 жніўня ў Менску. Ён падазраецца ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу). Максімальнае пакаранне паводле гэтага артыкулу – пазбаўленне волі на 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

5 жніўня стала вядома, што Міністэрства юстыцыі Літвы ў рамках дамовы з Беларуссю перадала ў Менск звесткі пра рахункі 400 беларускіх грамадзянаў, у тым ліку Алеся Бяляцкага, што і сталася падставаю для ягонага арышту.

belsat.eu

Стужка навінаў