«Вясна» збірае паручніцтвы за Бяляцкага (+ узор паручніцтва ў файле)


Дзякуючы гэтаму праваабаронцу могуць змяніць захаду стрымання з арышту на падпіску аб нявыездзе.

Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь у якасці адной з захадаў стрымання прадугледжвае паручніцтва. Не менш як два грамадзяніны Беларусі выступаюць з хадайніцтвам на імя органаў пракуратуры, каб да асобаў, якія да суда застаюцца пад вартаю, ужылі іншую захаду стрымання – падпіску аб нявыездзе. Калі асобы, за якіх прынялі паручніцтва, парушаюць умовы, іх могуць зноў узяць пад варту, а паручнікаў аштрафаваць.

“Сам факт паручніцтваў аўтаматычна не цягне за сабою змены захады стрымання, але ёсць вельмі важкаю ўмоваю для выхаду на свабоду асобаў, а таксама дэманструе следству і суду нашую салідарнасць. Грамадзяне Беларусі мусяць персанальна ўласнаручна запоўніць бланк паручніцтва”, – гаворыцца ў звароце праваабарончага цэнтру “Вясна”.

Да кампаніі ўжо далучыліся іншыя беларускія праваабаронцы, а таксама Міжнародная федэрацыя правоў чалавека (FIDH). “Паручніцтвы будуць збірацца ва ўсім свеце, і мы перакананыя, што шмат хто з сусветна вядомых асобаў падпішацца пад гэтаю заяваю”, – адзначаюць у звароце вясноўцы, якія імкнуцца толькі ў Беларусі знайсці не менш за тысячу паручнікаў.

4 жніўня 2011 г. у межах крымінальнай справы, распачатай паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (“утойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры”) быў затрыманы старшыня праваабарончага цэнтру “Вясна”, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі. Яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Падпісацца пад паручніцтвам можна тут:

праваабарончы цэнтр “Вясна”: г. Менск, пр. Незалежнасці, 78а–48
(тэл:. (017) 331-08-44);

Беларускі Хельсінкскі камітэт: г. Менск, вул. К. Лібкнехта, 68–1201
(тэл:. (017) 222-48-00);

Беларуская асацыяцыя журналістаў: г. Менск, вул. Камсамольская, 7–32
(тэл:. (017) 203-63-66).

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары