«Заклікаў сабрацца да несанкцыянаванага збору»


Тры дні арышту за паведамленне, змешчанае ў сацыяльнай сетцы “Вконтакте”, прысудзілі жыхару Гомлю Дзмітрыю Шаўчэнку.

Шаўчэнка прызнаны вінаватым у парушэнні арт. 23.34 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях (парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства). Такое рашэнне прыняў 8 жніўня суд Чыгуначнага раёну Гомлю пад старшынёўствам Анатоля Сотнікава.

Як вынікае з цытаванага на судзе міліцэйскага пратаколу, 2 жніўня Шаўчэнка, “знаходзячыся па адрасе пражывання, праз правайдара сеткі “Вконтакте” заклікаў грамадзянаў сабрацца да несанкцыянаванага збору для абмеркавання дзейнага ўраду”. Далей суддзя Сотнікаў зачытаў ліставанне з сацыяльнай сеткі “Вконтакте”, дзе абвінавачаны нібыта пакідаў паведамленні пад нікнэймам “Гырга Питичь”. Пры гэтым у зачытаных суддзём паведамленнях не было ні слова пра заклікі да якога-небудзь збору.

Дзмітрый Шаўчэнка сваёй віны не прызнаў, назваўшы рашэнне суда памылкаю.

Каментуючы рашэнне суда, сястра арыштаванага Алена Шаўчэнка заявіла: “Гэта парушэнне Канстытуцыі, правоў чалавека – арышт майго брата. Тое, што суддзя зачытаў на судзе, не адпавядае абвінавачанню. Гэта значыць, доказаў няма, а чалавек сядзіць у ізалятары”.

Варта адзначыць, што Шаўчэнку затрымалі 6 жніўня на лецішчы, дзе ён быў са сваімі дзецьмі, і даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання, дзе ён заставаўся да судовага паседжання.

Гэта не першы ў Гомельскай вобласці адміністратыўны працэс за размяшчэнне паведамленняў у сацыяльных сетках або на іншых сайтах. Паводле падобнага абвінавачання 5 дзён адседзеў у ізалятары часовага ўтрымання гамяльчук Андрэй Цянюта і быў аштрафаваны Пётр Філон. Падобны працэс праходзіў і ў Мазыры.

belsat.eu

Стужка навінаў