Ландсбергіс: Магчыма, арышт Бяляцкага звязаны са справаю Галаватава


Літоўскі еўрапарламентар Вітаўтас Ландсбергіс не выключае, што ў сітуацыі з арыштам беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага на паводзіны афіцыйнага Менску паўплывала Масква – пасля скандалу з невыдаваннем Літве падазраванага ў справе 13 студзеня Міхаіла Галаватава, піша Delfi.

“…Я ўяўляю, што ёсць нямала палітычных сілаў, якія хацелі б што-небудзь зрабіць [літоўскаму міністру юстыцыі] Рэмігіюсу Шымашусу, бо ён нядрэнна вядзе справу, звязаную з Міхаілам Галаватавым. Тут магчымая нават ненаўпроставая абарона”, – заявіў Ландсбергіс у інтэрв’ю літоўскаму тэлебачанню.

На пытанне, ці ёсць гэта абаронаю Расеі, Ландсбергіс адказаў: “Я мяркую, што Аляксандр Лукашэнка менш зацікаўлены ў Міхаілу Галаватавым. Ёсць значна больш зацікаўленыя калегі з той жа ўстановы”.

У выпадку з Галаватавым гаворка ідзе пра падзеі 1991 г. Пасля неаднаразовых папярэджанняў з боку савецкага прэзідэнта Міхаіла Гарбачова пра тое, што Літва сутыкнецца з жорсткімі наступствамі, калі не адмовіцца ад незалежнасці, савецкія войскі дапамаглі прамаскоўскаму Камітэту нацыянальнага выратавання ўсталяваць кантроль над Вільняю. Тады падчас штурму больш за 200 чалавек былі параненыя і 15 забітыя. Міхаіл Галаватаў, які камандаваў групаю працаўнікоў падраздзялення “Альфа”, накіраваных у студзені 1991 г. у Вільню, праходзіць падазраваным у справе аб падзеях 13 студзеня.

Летась у ліпені Галаватава затрымалі ў Аўстрыі згодна з еўрапейскім ордарам на арышт. 16 ліпеня паведамлялася, што ён вярнуўся ў Расею. Літоўскае МЗС “расцэньвае дзеянні Аўстрыі ў сувязі з еўрапейскім ордарам на арышт, выдадзеным на Міхаіла Галаватава, як вельмі грубае парушэнне прававых актаў ЕЗ”.

belsat.eu

Стужка навінаў