Пладова-ягаднага менш удвая, болей – гарэлкі ды каньяку


Савет Міністраў прыняў новыя квоты на вытворчасць алкагольнай прадукцыі.

Гэтак, урад дае згоду павялічыць выпуск дарагога алкаголю на 10–15 %. Да прыкладу, на 720 000 дэкалітраў павялічваецца выпуск гарэлкі ды на 60 000 дэкалітраў – каньяку. А вось аб’ём пладова-ягаднага віна, ад якога найбольш співаецца насельніцтва, скароціцца амаль напалову – з 6 160 000 дэкалітраў да 3 733 000 дэкалітраў.

Як патлумачыў ініцыятар народнай кампаніі супраць алкагалізацыі краіны Леанід Скарабагаты, раней разлік быў іншы: “Большасць заводаў, што выпускаюць лікёра-гарэлачную прадукцыю, месцяцца ў малых гарадах, і гэтыя прадпрыемствы адныя з самых рэнтабельных у раёне. А таму дагэтуль выпуск таннага віна чыноўнікі прыкрывалі неабходнасцю папаўняць бюджэт. Апошняя тэндэнцыя станоўчая – абмяжоўваюць і выпуск, і продаж”.

У некаторых рэгіёнах сапраўды ўвялі абмежаванне на рэалізацыю алкагольнай прадукцыі. Ініцыятарам у Менскай вобласці выступае “губернатар” Міхаіл Батура. У Слуцкім раёне продаж пладова-ягаднага віна спынілі ў якасці эксперыменту. Такое самае рашэнне на ўсё лета прынялі і ўлады Ашмянаў.

Цяпер у краіне больш за 200 найменняў напою і некалькі дзясяткаў заводаў, дзе ён вырабляецца. Кошт пладова-ягадных вінаў вагаецца ад Br 2750 да 4500. Апошнія падаражанні алкаголю не закранулі таннага віна.

“Слабы градус пладова-ягаднага віна і яго нізкі кошт зрабілі гэты спіртны напой адным з самых папулярных, – лічыць нарколаг Расціслаў Кулевас. – На пачатку 1990-х гг. беларусы выпівалі 6 літраў умоўнага спірту на чалавека штогод. Паводле апошніх звестак, лічба вырасла ўдвая – 12 літраў на аднаго жыхара. Гэта пры тым, што ўжо 5 літраў паводле нормаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя лічацца крытычным паказнікам”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары