Вакол Менску плануюць стварыць тры індустрыяльныя зоны


Вакол Менску плануюць стварыць тры індустрыяльныя зоны.

За горад выселяць буйныя прадпрыемствы, якія будуць арыентавацца на экспарт і замену імпарту.

Намеснік старшыні Камітэту эканомікі Менгарвыканкаму Аляксандр Крэпак адзначае: “Фармаваць зоны мы будзем з улікам патрабавання адной галіны. Важна, каб максімальна блізка быў наладжаны поўны механізм вытворчасці. Найперш нас цікавяць прадпрыемствы, здольныя выпускаць прадукцыю, што замяняе імпарт і арыентаваная на экспарт. У перспектыве для іх увядуць падатковыя льготы”.

Ужо вызначылі новае месца для прадпрыемстваў. “Індустрыяльныя зоны будуць створаныя на базе вытворчых тэрыторыяў свабоднай эканамічнай зоны “Менск”, прамзонаў “Шабаны” і “Калядзічы”, – паведамілі ў Менгарвыканкаме.

На меркаванне эколага Вольгі Астаповіч, новаўвядзенні разгрузяць горад ад шкодных выкідаў. “За савецкім часам было няправільна сфармаванае размяшчэнне буйных прадпрыемстваў. Велізарная памылка – вакол заводаў будаваць жылыя раёны. Менск вельмі дынамічна развіваецца, таму змяненне генплану гораду мае быць прадуманым на шмат гадоў наперад, каб пазней вакол заводу не паўстаў новы жылы сектар”.

Дарэчы, да 2020 г. улады Менску плануюць вынесці за межы гораду 18 прадпрыемстваў. Паводле назіранняў эколагаў, самымі неспрыяльнымі цяпер лічацца раёны каля заводу ацяпляльнага абсталявання, трактарнага заводу, аўтамабільнага заводу і ўвесь мікрараён Шабаны.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары