Наталля Радзіна магла б жыць у Нідэрландах, але выбрала Літву


“Адразу прашу прабачэння за інфармацыю, якая з’явілася ў першыя дні пасля майго знікнення, – пра тое, што я ў лагеры для ўцекачоў у адной з краінаў Еўразвязу”, – гэтак пачынаецца ліст рэдактаркі сайту charter97.org.

Наталля Радзіна распавядае пра шматлікія пагрозы з боку КДБ, якія распачаліся яшчэ напярэдадні выбараў. Калі журналістку адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе ў Кобрын, пасля кожнай крытычнай публікацыі яе завозілі на міліцэйскім аўтамабілі з кватэры бацькоў у мясцовае аддзяленне КДБ, дзе пужалі вяртаннем на турэмныя нары.

“Так што, калі мне патэлефанаваў следчы і загадаў з’явіцца на допыт у Менск, думала я роўна паўтары хвіліны. Гэта быў шанец пакінуць тэрыторыю Кобрына”, – згадвае Наталля. Паведаміўшы ўчастковаму міліцыянту пра допыт у сталіцы, Наталля ўвечары 30 сакавіка села на цягнік Берасце – Менск. А першай гадзіне ночы сышла на станцыі “Лунінец”, дзе цягнік мае працяглую стаянку і пасажыры звычайна выходзяць у буфет. На вакзале яе сустрэлі сябры і завезлі на аўце ў Маскву.

З увагі на адсутнасць мяжы з Беларуссю заставацца доўгі час у расейскай сталіцы было небяспечна. (Раней на вуліцы ў Маскве спецслужбы выкралі анархіста Ігара Аліневіча, якога асудзілі на 8 гадоў турмы.)

“Я звярнулася па дапамогу ў Кіраўніцтва вярхоўнага камісарыяту ААН у справах уцекачоў у РФ. Прайшла ўсе неабходныя фармальныя працэдуры, і, паколькі мая справа была добра падтрыманая дакументальна, пытанне пра маё перасяленне ў трэцюю дзяржаву разгледзелі ў прыярытэтным парадку”, – паведаміла журналістка.

Пасля прызнання Радзінай уцякачкаю паводле лініі ААН, першаю дзяржаваю, якая прапанавала падтрыманне, сталі Нідэрланды. 28 ліпеня, пасля афармлення праязных дакументаў, рэдактар сайту charter97.org вылецела з Масквы ў Амстэрдам.

“Я вельмі ўдзячная Нідэрландам за сваё выратаванне, але праз тры дні я паехала ў Літву. Пасля прэзідэнцкіх выбараў сайт быў зарэгістраваны ў гэтай краіне, тут мой калектыў, і паўнавартасна выконваць свае функцыі рэдактара я магу сёння толькі ў Вільні. 4 жніўня я папрасіла палітычнага прытулку ў Літве”, – паведаміла Наталля Радзіна.

belsat.eu

Стужка навінаў