Гомельца арыштавалі за паведамленне «ВКонтакте»


Гомельца Дзмітрыя Шаўчэнку, які пад ананімным акаўнтам актыўна ўдзельнічае ў гомельскай групе «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку», арыштавалі супрацоўнікі міліцыі.

Як паведаміла жонка актывіста Ала Шаўчэнка, муж разам з двума малымі дзецьмі ў суботу, 6 жніўня, паехаў на лецішча ў вёсцы Калініна Гомельскага раёну. Увечары туды ж пад’ехаў аўтамабіль «опель», з якога выйшлі людзі ў цывільным. «На вачах у дзяцей мужа затрымалі і павезлі ў невядомым кірунку. Ягонай маці заявілі, што Дзмітрый абвінавачваецца ў закліку да непадпарадкавання ўладам. Толькі потым у Чыгуначным РАУСе Гомля мне сказалі, што мужа даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання, у панядзелак будзе суд. Добра, што на дачы былі бацькі Дзмітрыя, з якімі засталіся дзеці», – сказала Ала Шаўчэнка.

Жонка актывіста мяркуе, што затрыманне Дзмітрыя можа быць звязанае з нейкім ягоным паведамленнем, пакінутым у гомельскай групе «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку».

Іншыя актывісты групы раяць у сваіх паведамленнях не толькі ствараць ананімныя акаўнты, але і карыстацца сістэмаю TOR ды іншымі ананімайзерамі, пры якіх немагчыма адсачыць рэальны IP-адрас карыстальніка.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары