Пяць тыдняў у клетцы са львіцаю


Украінскі ўладальнік прыватнага заапарку вырашыў правесці пяць тыдняў у адной клетцы з ільвіцаю. 40-гадовы жыхар Запарожжа Аляксандр Пылішэнка гаворыць, што гэткім чынам хоча прыцягнуць увагу да свайго заапарку ды сабраць грошы на яго пашырэнне.

Аляксандр запэўнівае, што абсалютна не баіцца ільвіцы Каці, якую набыў дзевяць гадоў таму, калі тая была яшчэ ільвянём. Да двух гадоў яна жыла ў адным доме з сям’ёю Аляксандра.

Цяпер ільвіца цяжарная, і ўладальнік заапарку плануе прыняць роды. Акурат гэты час можа быць самым небяспечным – дзікія жывёлы становяцца непрадказальныя са з’яўленнем маладняку, ільвіца можа напасці на чалавека, калі пабачыць у ім пагрозу для сваіх малых.

Сямейнікі Аляксандра аптымістычна, але часам і з іроніяй ставяцца да эксперыменту бацькі. “Ён даўно хацеў пайсці ў адпачынак, вось і адпачывае”, – гаворыць дачка Аляксандра – Наста. Жонка Алена стараецца ўсяляк падтрымліваць мужа, а сын Дзяніс адказвае за тэхнічны бок эксперыменту – на сайце заапарку зладжаная он-лайн-трансляцыя таго, што адбываецца ў вальеры, дзе разам жывуць ільвіца і чалавек.

belsat.eu

Стужка навінаў