Гары Паганяйла: Ліхавіда пазбавілі магчымасці ўмоўна-датэрміновага вызвалення


Палітвязня Мікіту Ліхавіда на тры месяцы змясцілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Як патлумачыў “Белсату” юрыст Гары Паганяйла, гэта адна з формаў пакарання вязняў, якія сістэматычна парушаюць правіла ўтрымання ў калоніі.

Паводле кіраўніка юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінкскага камітэту Гары Паганяйлы, гэтае пакаранне пазбаўляе Мікіту Ліхавіда магчымасці ўмоўна-датэрміновага вызвалення. Гэтыя тры месяцы палітвязень не можа ліставацца са сваякамі, нават пасля выхаду з камеры яго на працяглы тэрмін могуць пазбавіць спатканняў.

Калі адміністрацыя вырашыць, што Мікіта Ліхавід на шлях выпраўлення не стаў, яго могуць перавесці ў Гарадзенскую калонію. Гэта адзіная ў Беларусі калонія турэмнага тыпу, яна мае больш жорсткія ўмовы ўтрымання, тлумачыць Гары Паганяйла. Асуджаныя сядзяць у ізаляваных камерах, іх не выводзяць нават на працу, існуюць таксама абмежаванні на харчаванне, ліставанне і спатканне са сваякамі.

“Большасць з тых, каго асудзілі за падзеі 19 снежня, лічаць сябе невінаватымі, таму адмаўляюцца падпарадкоўвацца турэмнай адміністрацыі. Гэтых людзей вось такім чынам імкнуцца зламаць як фізічна, так і псіхалагічна”, – зазначае Гары Паганяйла.

Праваабаронца гаворыць, што беларуская папраўчая сістэма будуецца на знявазе чалавечай годнасці і безумоўным падпарадкаванні адміністрацыі спецустановы: “Там дзейнічае правіла, што ў любым выпадку мае рацыю адміністрацыя, а не зняволены. Усімі спосабамі асуджанаму даюць зразумець, што ён толькі маленькі вінцік, які зломяць, калі вырашыць ісці супраць дзяржаўнай машыны”.

Актывіста руху “За свабоду” Мікіту Ліхавіда за ўдзел у Плошчы пакаралі 3,5 года зняволення. Юнак называе сябе незаконна асуджаным і адмаўляецца выконваць правілы ўтрымання ў калоніі. За гэта адміністрацыя Наваполацкай калоніі некалькі разоў карала Мікіту Ліхавіда карцарам.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары