Лукашэнка: Не могуць быка адрозніць ад каровы!


Пяцікурснікі правядуць у калгасах цэлы навучальны год.

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў сістэму адукацыі ў галіне сельскай гаспадаркі. На сустрэчы з журналістамі падчас нядаўняга візіту ён заявіў, што беларуская навука не паспявае за практыкаю. “Прыходзяць выпускнікі ў калгасы і не могуць працаваць, бо іх вучылі паводле старых кніжак, тэхналогіі абнавіліся, а яны прыходзяць і не могуць быка адрозніць ад каровы!”

З ягонай ініцыятывы плануюць змяніць сістэму адукацыі. Цяпер студэнты цягам пяці гадоў навучаюцца ва ўніверсітэце, раз на год маюць практыку паводле спецыяльнасці. “Пяты год трэба ўжо, каб працавалі ў калгасе, – лічыць Лукашэнка. – Няма чаго сядзець за партамі!”

З ідэяй не пагаджаюцца выкладчыкі. Уся навучальная праграма разлічаная на пяць гадоў, пад гэта запланаваныя штатныя адзінкі выкладчыкаў і аплата за вучобу. “Нават калі студэнт праходзіць практыку, ён працягвае плаціць грошы за навучанне”, – тлумачыць выпускнік Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Мікіта Ляўчук.

Ён згодны, што некаторая інфармацыя, якая сыходзіць ад выкладчыкаў, састарэла для практычнага ўжывання. “Вельмі шмат агульных дысцыплінаў, якія ў працы не спатрэбіліся, – згадвае ён. – Але калі пяты курс зрабіць цалкам практычным, лагічней наогул скараціць навучанне да чатырох гадоў. Дарэчы, такая самая практыка ва ўсёй Еўропе”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары