Супраць беларуса, які ваяваў на баку «ЛНР», ва Украіне завялі крымінальную справу


Украінскі бок прыняў рашэнне пра крымінальны пераслед пасля таго, як беларус пахваліўся сваймі  «подзвігамі» ў інтэрв’ю.

Гэта першая крымінальная справа ва Украіне, заведзеная па факце ўдзелу нашага суграмадзяніна ў складзе незаконных фармаванняў, які прывёў да гібелі людзей. Расследваннем займаецца Новаайдарскі аддзел Севераданецкай пракуратуры.

Сяргей Трафимаў, фота з сацыяльных сетак

«Цяпер праводзяцца следчыя дзеянні, скіраваныя на высвятленне абставінаў і пошук магчымых відавочцаў здарэння. Дасудовае расследаванне крымінальнай вытворчасці знаходзіцца на кантролі пракуратуры вобласці», –  зазначылі ў прэс-службе пракуратуры Луганскай вобласці.

Абласная пракуратура лічыць, што беларус мог браць удзел ва ўзброеным канфлікце ў зоне АТА, інфармацыя пра ягоную датычнасць да баявых дзеянняў зʼявілася ў медыях.

«У апублікаваным інтэрвʼю маладзён расказаў, што з верасня 2014 года па лістапад 2016-га ўдзельнічаў у незаконным узброеным фарміраванні ў складзе батальёна “Русь” і непасрэдна ў баявых дзеяннях у раёне горада Шчасце і пасёлка Вялікая Гара», – паведамілі ў пракуратуры.

Імя беларуса пракуратура не называе. Паводле інфармацыі медыяў, гаворка вядзецца пра 33-гадовага жыхара Віцебску, былога баявіка «ЛНР» Сяргея Трафімава, інтэрвʼю з якім svaboda.org апублікавала 4 студзеня.

У інтэрвʼю Трафімаў распавядае пра ўдзел у баявых дзеяннях на баку «Луганскай Народнай Рэспублікі», як яго выклікалі на размовы ў беларускі КДБ у якасці сведкі па нейкай крымінальнай справе і ён нібыта прапанаваў спецслужбам супрацу.

Трафімаў, нягледзячы на наяўнасць крымінальнай адказнасці за ўдзел у баявых дзеяннях за мяжой, да адказнасці ў Беларусі за гэта не прыцягваўся.

Паводле апошняй инфармацыі, размешчанай svaboda.org, Трафімава дапыталі следчыя органы, якім ён заявіў, што даў медыям ілжывыя звесткі наконт удзелу ў баявых дзеяннях і супрацы з органамі дзяржбяспекі «для надання сабе значнасці».

Цяпер экс-байцу «ЛНР» прызначаная судова-псіхіятрычная экспертыза.

«Не думаю, што працэс беларускага баевіка выклікае вялікую цікавасць медыяў і грамадства, як беларускага, так і ўкраінскага. Таксама не думаю, што працэс неяк моцна паўплывае на палітычныя стасункі паміж Менскам ды Кіевам. У прынцыпе Менск займае даволі зразумелую для Кіева пазіцыю ў пытанні гэтай вайны. Для Кіева галоўнае рабіць усё, каб мінімізаваць уздзеянне ці дапамогу Менску Расеі», – адзначыла палітычная аглядальніца Вольга Паповіч у праграме «Гарачы каментар».

Глядзіце больш – у відэа.

«Гарачы каментар» з палітычнай аглядальніцай Вольгай Паповай:

ВД, belapan.by, svaboda.org

Глядзі таксама
Каментары