Леанід Заіка: Розніца паміж курсамі можа дасягнуць 50 %


Рашэнне пра раўнаважны курс беларускай валюты неабходна прыняць цягам двух-трох тыдняў, лічыць эканаміст.

Калі ўлады не выйдуць на раўнаважны курс, розніца паміж афіцыйным і неафіцыйным коштам долара можа вырасці з 30 % нават да 50 %, папярэджвае эканаміст Леанід Заіка.

“Раўнаважны курс нельга ўсталяваць, седзячы ў кабінеце. Гэта мусіць зрабіць рынак”, – падкрэслівае эксперт і зазначае, што ў мала адкрытай эканоміцы абменны курс ёсць якарам: “Занадта шмат купляем, значыцца, дэвальвуем рубель. Мала купляем, расце прыбытак ад экспарту – курс можа рэвальваваць. Галоўнае – не баяцца рынкавага рэгулявання. Уласна кажучы, можна адправіць у адпачынак увесь Нацыянальны банк і палову ўраду, і курс усталюецца хутчэй ды будзе сапраўдным сігналам для параметраў развіцця беларускай эканомікі”.

Вызначыўшы курс на ўзроўні 6500 рублёў за долар, урад можа сутыкнуцца з высокім попытам. “І далей узнікне такая сітуацыя ступару – ці дэвальваваць беларускі рубель ізноў, ці прымаць нейкія жорсткія захады для абмежавання набыцця валюты? Гэта зразумела, і мы акурат у дыяпазоне такога выбару”, – дадае Леанід Заіка.

Самае галоўнае, паводле эканаміста, зменшыць выдаткі з бюджэту і зрабіць больш недаступнымі крэдыты: “Беларускі рубель мусіць падаражэць. <…> Валютны курс залежыць не толькі ад гандляванняў на біржы, але і ад грашовых уліванняў. Калі мы не будзем “развадняць” беларускі рубель, атрымаем добры вынік”.

Адсутнасць раўнаважнага курсу вядзе да падзення даверу да беларускага рубля і ў выніку – да залежнасці коштаў на тавары і вынікаў гешэфтаў ад чорнага рынку. Такая сітуацыя яшчэ больш дэстабілізуе эканоміку, дадае Леанід Заіка.

belsat.eu

Стужка навінаў