Прыхільнікі Цімашэнкі застаюцца ля будынку суда ў Кіеве


Сотні прыхільнікаў Юліі Цімашэнкі сабраліся сёння, 6 жніўня, ля будынку Пячэрскага суда ў Кіеве. Яны пратэстуюць супраць учорашняга арышту былой прэм’ер-міністра Украіны.

5 жніўня суддзя Радзівон Кірэеў пастанавіў узяць пад варту былую кіраўніцу ўкраінскага ўраду Юлію Цімашэнку за тое, што яна “сістэматычна парушала парадак судовых паседжанняў”. Яе вінавацяць у тым, што яна перавысіла службовыя паўнамоцтвы і прымусіла ўкраінскую кампанію “Нафтагаз” падпісаць кантракт на імпарт газу з Расеі ў 2009 г. Сваёй віны яна не прызнае, а справу лічыць сфабрыкаванаю паплечнікамі прэзідэнта Віктара Януковіча, з якім змагалася за крэсла кіраўніка дзяржавы на апошніх выбарах.

Прыхільнікі экс-прэм’ер-міністра на знак пратэсту супраць яе арышту правялі ноч перад будынкам суда. У пятніцу ўвечары яны разбілі намётавае мястэчка.

“Мы заклікаем прыязджаць сюды людзей не толькі з Кіева, а з усёй Украіны, бо гэта неабходна для абароны дэмакратыі. Калі сёння яны (улады) ігнаруюць законныя патрабаванні апазіцыі, то заўтра змогуць арыштаваць праз надуманыя прычыны кожнага палітыка. Мы лічым, што арышт Юліі Цімашэнкі незаконны”, – сказаў дэпутат украінскага парламенту і сябра Блоку Юліі Цімашэнкі Уладзімір Кувалёў.

Паседжанне суда адклалі да панядзелка, 8 жніўня. Неўзабаве пасля таго, як Цімашэнку арыштавалі, сотні прыхільнікаў патрабавалі яе вызвалення, пачаліся сутыкненні з АМАПам. Абвінавачанні, выстаўленыя Цімашэнцы з ініцыятывы паплечнікаў прарасейскага прэзідэнта Віктара Януковіча, выклікалі крытыку Еўразвязу.

Калі ў чэрвені пачалося судовае разбіральніцтва, Цімашэнка адкрыта насміхалася над суддзём Кірэевым, адмаўляючыся падымацца падчас звароту да яго і называючы марыянеткаю Януковіча.

belsat.eu

Стужка навінаў