Міністэрства юстыцыі Літвы: Механізм будзе прыпынены


У справе аб рахунках беларускіх праваабаронцаў Беларусь злоўжыла механізмам прававой дапамогі, заявіў намеснік міністра юстыцыі Літвы Томас Вайткявічус.

“Пазіцыя Міністэрства юстыцыі Літвы і літоўскай дзяржавы такая: мы лічым непрымальным тое, што механізм прававой дапамогі паводле дагавора паміж Літвой і Беларуссю быў выкарыстаны ў пазаправавых, палітычных мэтах”, — падкрэсліў Вайткявічус.

Паводле яго слоў, прававое супрацоўніцтва паміж Літвой і Беларуссю мае важнае значэнне для грамадзян абедзвюх краін, дапамагаючы вырашаць “пытанні наконт злачынстваў, прадугледжаных нашымі крымінальнымі кодэксамі”. Літоўскі бок штогод атрымлівае з Беларусі ў сярэднім 500 просьбаў аб прававой дапамозе і, у сваю чаргу, накіроўвае ёй прыкладна 300—400 просьбаў, паведаміў намеснік міністра юстыцыі.

“Дагэтуль мы былі задаволены тым, як ажыццяўлялася супрацоўніцтва паміж Літвой і Беларуссю”, — адзначыў ён. Вайткявічус выказаў шкадаванне, што інструмент прававой дапамогі быў раскрытыкаваны ў сувязі з сітуацыяй вакол беларускіх праваабаронцаў.

Ён заявіў, што гэты механізм будзе прыпынены. “Пакуль мы не будзем упэўнены, што ён не будзе выкарыстаны ў непрымальных паводле дагавора мэтах, мы не будзем згодна з гэтым механізмам працаваць”, — сказаў намеснік міністра юстыцыі Літвы.

4 жніўня ў Мінску супрацоўнікі дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю затрымалі на трое сутак віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўніка закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра “Вясна” Алеся Бяляцкага. Ён падазраецца ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры. Максімальнае пакаранне згодна з гэтым артыкулам КК — пазбаўленне волі на сем гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Паводле інфармацыйнага агенцтва БелТА, сума, якую кіраўнік “Вясны” не пазначыў у падаткавых дэкларацыях і якая падлягае падаткаабкладанню, – больш за Br 1 млрд, а сума не заплачанага падаходнага падатку склала Br 143,7 млн.

Як паведаміў 5 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Вільнюсе праваабаронца Валянцін Стэфановіч, у канцы чэрвеня падатковая інспекцыя падала Бяляцкаму акт праверкі са звесткамі аб сродках, што паступілі ад замежных арганізацый на яго рахунак у літоўскім банку Nord. Падатковыя інспектары палічылі гэтыя сродкі ўтоеным даходам. У пачатку ліпеня такі ж акт, але са звесткамі па літоўскім банку SEB, быў пададзены самому Стэфановічу. Аднак сума, выяўленая на рахунку Стэфановіча, не такая значная, каб у дачыненні да яго можна было распачаць крымінальную справу.

“Мы не лічым, што парушылі заканадаўства, — заявіў Стэфановіч. — Гэтыя сродкі збіраліся не ў якасці даходу”. Ён падкрэсліў, што беларускія праваабаронцы за гады сваёй дзейнасці падтрымалі тысячы грамадзян, чые правы былі парушаны.

Тым часам прэсавая сакратарка міністэрства юстыцыі Польшчы Яана Дэмбэк (Joanna Dębek) паведаміла Радыё Свабода, што міністэрства не атрымоўвала ад беларускага боку запытаў аб банкаўскіх рахунках беларускіх грамадзянаў у Польшчы. Паводле спадарыні Дэмбэк, Польшча не мае з Беларуссю дамовы аб абмене інфармацыяй такога кшталту, якую мае Літва: «Для такіх дзеянняў не існуе юрыдычнай базы».

belsat.eu

Стужка навінаў