Для тых, каму надакучыў аўтамабіль


На пл. Калініна ў Менску стартаваў “Fashion Scooter Fest”. Скутарысты з усёй Беларусі з’явіліся на сталічных вуліцах у незвычайных уборах: дзяўчаты – у вечаровых сукенках і на абцасах, хлопцы – у пінжаках і гальштуках, сваім выглядам паказваючы, што скутар на гарадскіх вуліцах – самы зручны і рэспектабельны транспарт.

Старшыня Беларускага скутар-клубу Алег Карцаў гэтак растлумачыў мэты імпрэзы: “Па-першае, мы яго ладзім для сябе. Па-другое, хочам паказаць людзям, што мы ёсць. Па-трэцяе, хочам прадэманстраваць, што на скутары ездзіць прыгожа і цікава. У нас цудоўныя дзяўчаты, прыгожыя і крэатыўныя маладыя людзі, таму ёсць усе падставы паказаць сябе з неардынарнага боку”.

Скутар – гэта для тых, каму надакучыў аўтамабіль, перакананы Карцаў. “У мяне ёсць аўта, – прызнаецца ён, – і я, як і шмат хто, пакутую праз сталыя заторы на дарогах. Тут жа зусім іншы стыль кіравання. На машыне я паспяваю за дзень зрабіць усяго пяць-шэсць справаў, бо ўвесь час паркуюся, выязджаю, маю галаўны боль, дзе кінуць машыну і прайсці кудысьці пешкі. На скутары можна спыніцца і прыпаркавацца дзе заўгодна. І, што важна, пакуль народ абвяшчае акцыі “Стоп бензін”, мы гэтыя акцыі даўно правялі – тым, што селі на скутар. У нас – моладзь, крэатыўныя людзі, студэнты, менеджары. Дарэчы, Бэрлюсконі ездзіць на такім жа скутары, як і я”.

Калона святочна ўбраных скутарыстаў накіравалася па праспекце Незалежнасці ды вуліцах гораду да мотавелазаводу, дзе адбылася экскурсія па цэхах гэтага найстарэйшага сталічнага прадпрыемства. Потым матарызаваныя маладыя людзі перабраліся ў Цэнтральны дзіцячы парк ім. Горкага. Тут свята працягнецца тэст-драйвам скутараў і матацыклаў для ўсіх, хто мае пасведчанне кіроўцы, розыгрышам намінацыяў фестывалю і канцэртам гуртоў “Ёжа і какосы” і “Зялёны плот”.

belsat.eu

Стужка навінаў