Алесь Бяляцкі застанецца пад вартаю (дапоўнена)


Абвінавачванне Алесю Бяляцкаму пакуль не прад’яўлена, тэрмін утрымання пад вартай працягнуты да 10 дзён. Праваабаронца змешчаны ў СІЗА на Валадарскага, паведаміла “Белсату” Таццяна Равяка.

Інфармацыю пра рахункі Алеся Бяляцкага беларускім уладам перадало Міністэрства юстыцыі Літвы. Пра гэта паведаміў праваабаронца Валянцін Стэфановіч на прэсавай канферэнцыі ў Вільні.

Паводле яго, напрыканцы чэрвеня падаткавая інспекцыя прад’явіла Бяляцкаму акт праверкі са звесткамі пра сродкі, якія паступілі ад замежных арганізаыяў на ягоны рахунак у літоўскім банку Nord. Падаткавікі палічылі гэтыя сродкі ўтоеным прыбыткам. На пачатку чэрвеня такі ж акт, але са звесткамі ад літоўскага банку SEB прад’явілі самому Стэфановічу.

Супрацоўнікі падаткавай інспекцыі патлумачылі беларускім праваабаронцам, што банкаўскія звесткі ім прадставіла Міністэрства юстыцыі Літвы ў рамках дзеючай з Беларуссю дамовы.

Сума, якую знайшлі на рахунку Стэфановіча, не была такой значнай, каб можна было ўзбудзіць крымінальную справу. “Мы не лічым, што парушылі заканадаўства, – заявіў Стэфановіч. – Гэтыя сродкі збіраліся не ў якасці прыбытку”. Ён падкрэсліў, што беларускія праваабронцы за гады сваёй дзейнасці дапамаглі тысячам грамадзянаў, чые правы былі парушаны.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі быў затрыманы 4 жніўня. У гэты ж дзень адбыліся ператрусы ў кватэры і на лецішчы праваабаронцы, а таксама ў офісе праваабарончага цэнтру “Вясна”. Алесь Бяляцкі праходзіць як падазраваны ў крымінальнай справе, распачатай за “ўхіленне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры”. Інфармацыю пра рахункі Алеся Бяляцкага ўладам Беларусі перадало Міністэрства юстыцыі Літвы. Кіраўніку праваабарончага цэнтру “Вясна” пагражае да 7 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці.

belsat.eu

Стужка навінаў