У Горадні аднавілі алтар Фарнага касцёлу


Сёння алтар асвеціць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. На цырымонію прыедуць усе біскупы Беларусі, прадстаўнікі міністэрстваў культуры Беларусі ды Польшчы і мясцовыя ўлады.

Пяць гадоў таму алтар быў моцна пашкоджаны – падчас пажару дзве скульптуры былі амаль цалкам знішчаныя. Пажар распачаўся ад кароткага сутыку.

Аднаўленне алтара амаль цалкам фінансавалі Каталіцкая царква і польскі бок. “Мясцовыя ўлады разумеюць важнасць гэтага помніка мастацтва, і яны ўвесь час назіралі за працэсам аднаўлення, аднак ці то не хацелі, ці то не маглі, а можа – усё адразу, але сродкаў на рэстаўрацыю не давалі. Я падымаў гэтае пытанне, але яно абмяркоўвалася толькі на прыватным узроўні”, – кажа Уладзімір Кіслы, куратар праекту з беларускага боку.

Перад урачыстым асвячэннем касцёлу будзе прэзентаваны кароткі расповед пра гісторыю святыні.

Алтар гарадзенскага Фарнага касцёлу, або касцёлу Францішка Ксаверыя – патрона езуітаў, чый калегіум прылягаў да храму, быў найбуйнейшы ва ўсёй Рэчы Паспалітай. Кампазіцыя не мае аналагаў: на двух калонных ярусах месцяцца 22 драўляныя скульптуры: святыя і мецэнаты касцёлу. Над імі ўзвышаецца постаць Хрыста.

Знішчаную частку алтара аднавіў гарадзенскі сталяр Вячаслаў Алешчык. Скульптуры аднаўлялі майстры-разбяры з Воранава Казімір і Ігар Місюры. Навуковым кіраўніком рэстаўрацыі стаў Павел Садлей – галоўны рэстаўратар каралеўскага замку ў Варшаве.

belsat.eu
https://youtu.be/yLCR4vTY3Kk

Глядзі таксама
Каментары