Адвакаты сустрэліся з Андрэем Саннікавым


Палітвязня неўзабаве перавядуць з каранціну ў атрад, і тады яго змогуць пабачыць і сваякі.

“Андрэй ні на што не скардзіцца. Гаворыць, што стаўленне ў калоніі да яго паважлівае – як з боку кіраўніцтва спецустановы, гэтак і астатніх зняволеных”, – распавяла “Белсату” жонка палітвязня Ірына Халіп. Галоўнаю нечаканасцю для яе стала паведамленне адвакатаў, што ейны муж пазбавіўся барады. “Нават уявіць сабе не магу Андрэя без барады. Спадзяюся, што хутка пабачу на свае вочы”, – кажа спадарыня Халіп.

Ірына Халіп гаворыць, што Андрэй Саннікаў перыядычна сустракае Мікіту Ліхавіда ў агульнай сталоўцы: “Ён перадаў, што ў Мікіты былі праблемы са страўнікам і кішэчнікам, але, з ягоных словаў, яму аказалі патрэбную медычную дапамогу”.

Між тым маці Мікіты Алена Ліхавід непакоіцца, што ўжо месяц ад сына няма ніводнага ліста. Жанчына збіралася з адвакаткаю Дар’яй Ліпкінаю наведацца сёння ў калонію, аднак не атрымалася: “Дар’і Ліпкінай нечакана прызначылі кваліфікацыйную камісію, і яна вымушаная была рыхтавацца. Адзіная добрая навіна, што Дар’я яе прайшла і будзе працаваць далей”, – паведаміла “Белсату” Алена Ліхавід.

Экс-кандыдат на прэзідэнта Андрэй Саннікаў за ўдзел у Плошчы асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі, актывіст руху “За свабоду” Мікіта Ліхавід – на 3 з паловаю гады. Пакаранне палітвязні адбываюць у Наваполацкай калоніі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары