Дзяржаўныя медыя надаюць больш увагі надвор'ю, чымся выбарам


Выбарчаму працэсу праграма “Панарама” аддала 0,86% часу, надвор’ю – 3,45%, спорту – 17,4%. Падобная дынаміка назіраецца ў праграме “Наши новости” АНТ, у праграме “Радыёфакт” Першага нацыянальнага каналу дзяржаўнага радыё – паведамляецца ў выніках маніторынгу СМІ, што правяла Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Медыя-эксперты таксама зазначаюць, што найбольшая частка эфіру ў навінных праграмах на дзяржаўных тэлеканалах прысвячаецца Аляксандру Лукашэнку. Гэтак, праграма “Панарама” (Першы нацыянальны канал Беларускага тэлебачання) аддала дзейнаму прэзідэнту амаль 75% часу (параўнальна з усімі іншымі суб’ектамі маніторынгу), ЦВК – амаль 19%, назіральнікам з краінаў СНД – 6%, і толькі ўзгадала пра патэнцыйных кандыдатаў спадароў Някляева і Правалінскага (менш за 0,06% часу), а таксама Гайдукевіча (0,1%). Прэзідэнта Лукашэнку і ягоную дзейнасць праграма ацаніла выключна станоўча, ролю назіральнікаў з краінаў СНД – нейтральна, а ЦВК – нейтральна і пазітыўна.

Падчас маніторынгу прааналізавалі таксама публікацыі ў дзяржаўных выданнях. Гэтак, газета “СБ” акрамя дзейнага прэзідэнта (68,3% плошчы параўнальна з іншымі суб’ектамі) не брала пад увагу іншых прэтэндэнтаў. Сярод іншых суб’ектаў, пра якія пісала ў кантэксце выбараў, – апазіцыя (13,6%), ЦВК (11,3%), праўрадавыя арганізацыі (5,1%) і назіральнікі з краінаў СНД (1,6%). Адзіным суб’ектам, які “СБ” ацэньвала негатыўна, была апазіцыя як неперсаніфікаваны суб’ект, што ў сваю чаргу яшчэ больш адцяняе станоўчую ацэнку прэзідэнта і ягонай дзейнасці.

Спампаваць поўныя вынікі маніторынгу можна праз спасылку ніжэй.

belsat.eu

Стужка навінаў